ЛЯ́МПА-ЎСПЫ́ШКА фотаўспышка,

прылада для кароткачасовага асвятлення аб’екта фотаздымкі. Бываюць электронныя (найб. пашыраны) і цеплавыя. Электронная Л.-ў. мае крыніцу сілкавання (батарэю гальванічных элементаў, выпрамнік ці інш.) і імпульсную лямпу з рэфлектарам. У цеплавой Л.-ў. (аднаразовай) у кіслародзе згарае алюмініевая фольга. Сінхроннае ўключэнне Л.-ў. з поўнасцю адкрытым затворам фотаапарата забяспечваецца ўбудаваным сінхракантактам. Выкарыстоўваюцца для фатаграфавання пры недастатковай асветленасці аб’ектаў.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ ЛЯ́МПА,

від газаразрадных крыніц святла з кароткачасовымі светлавымі імпульсамі (успышкамі) высокай інтэнсіўнасці. Дзеянне Іл. заснавана на свячэнні плазмы пры іскравым разрадзе кандэнсатара ў інертным газе або пры згаранні алюм. ці магніевай фольгі ў кіслародзе. У адрозненне ад крыніц святла неперарыўнага дзеяння мае больш высокую т-ру плазмы (да 30 000 K) і большую шчыльнасць току, у выніку чаго пікавая яркасць дасягае 3∙10​11 кд/м², сіла святла — 10​8 кд. Выкарыстоўваецца для фота- і кіназдымкі Лямпа-ўспышка), аптычнай лакацыі, светлавой сігналізацыі, аптычнай напампоўкі лазераў, у аўтаматыцы і тэлемеханіцы і інш.

Да арт. Імпульсная лямпа.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)