Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЁЛАК,
населены пункт пры прамысловых, с.-г. і інш. прадпрыемствах. П. наз. таксама сядзібы саўгасаў і калгасаў. На Беларусі П. аднесены да катэгорыі сельскіх нас. пунктаў (Закон «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998). Некаторыя П. пры колькасці жыхароў больш за 500 чал. атрымліваюць статус рабочых пасёлкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),
1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж.ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.
2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНАЯ ХА́РТЫЯ,
міжнародная прававая дэкларацыя. Падпісана брыт. прэм’ер-міністрам У.Чэрчылем і прэзідэнтам ЗША Ф.Рузвельтам на борце ваен. карабля ў Паўн. Атлантыцы. Абвясціла прынцыпы пасляваен. ўладкавання свету: адмова ад тэр. захопаў і выкарыстання ваен. сілы, права кожнага народа выбіраць форму кіравання, развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі, падтрыманне агульнай бяспекі і інш. Садзейнічала ўтварэнню антыгітлераўскай кааліцыі. 24.9.1941 да Атлантычнай хартыі далучылася 10 краін, у т. л.СССР. Прынцыпы Атлантычнай хартыі паступова ўведзены ў дэкларацыю 26 дзяржаў, падпісаную 1.1.1942 у Вашынгтоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЁЛАК ГАРАДСКО́ГА ТЫ́ПУ,
гарадскі населены пункт, які адрозніваецца ад горада пераважна меншай колькасцю жыхароў. Звычайна выконвае прамысл., трансп., адм., курортныя, навук. і інш. функцыі. Вылучаюць: гарадскі пасёлак, курортны пасёлак, рабочы пасёлак. На Беларусі П.г.т. ўтвораны ў 1938 з вял.мястэчак і некаторых сёл. Крытэрыі аднясення нас. пунктаў да пэўнай катэгорыі замацаваны ў Законе «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь» ад 5.5.1998. На Беларусі (2000) 109 П.г.т., у т. л. 92 гарадскія, 16 рабочых, 1 курортны (Нарач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТНЫ ПАСЁЛАК,
катэгорыя населеных пунктаў гар. тыпу, у якіх не менш за 2 тыс. чалавек і на тэр. якіх размешчаны санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, інш. аздараўленчыя ўстановы. На Беларусі крытэрыі аднясення населенага пункта да К.п. замацаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 5.5.1998 «Аб адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь». Пры аднясенні пэўнага населенага пункта да К.п. ўлічваецца таксама наяўнасць прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання, культ.-асв. устаноў. На 1.1.1998 на Беларусі адзін К.п. (К.п. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНАЯ СЯМ’Я́,
форма ўладкавання і выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Паводле Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і П.с. ўтвараецца на падставе дагавора аб перадачы дзіцяці (дзяцей) у сям’ю і прац. дагавора, што заключаецца паміж органамі апекі і папячыцельства і прыёмнымі бацькамі (мужам і жонкай або асобнымі грамадзянамі, якія жадаюць узяць дзяцей на выхаванне ў сям’ю). На выхаванне ў П.с. перадаецца дзіця (дзеці), якое не дасягнула паўналецця, на тэрмін, прадугледжаны дагаворам. Парадак перадачы дзяцей у П.с., умовы, якім павінны адпавядаць прыёмныя дзеці і прыёмныя бацькі, вызначаны заканадаўствам. На ўтрыманне кожнага дзіцяці П.с. штомесяц выплачваюцца грашовыя сродкі ў парадку, вызначаным урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд.нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРОПАЦЭНТРЫ́ЗМ,
прынцып і пазіцыя, паводле якіх падзеі ў свеце разглядаюцца і ацэньваюцца з еўрап. пункту гледжання. Мае месца ў філасофіі гісторыі і культуры, тэорыі развіцця грамадства, паліталогіі і інш. грамадскіх навуках, а таксама ў палітыцы. Характэрная рыса Е. — абсалютызацыя еўрап. вопыту развіцця як узораў для нееўрап. народаў. Рысы Е. заўважаюцца ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме. Платон, напр., лічыў грэч. поліс (горад-дзяржава) ідэальнай формай дзярж.ўладкавання. У сярэдневякоўі на Е. абапіралася ідэалогія каталіцызму, якая абвяшчала Ватыкан духоўным цэнтрам зямлі і вяла барацьбу супраць інш. рэлігій. У 19 і 20 ст. еўропацэнтрычныя ідэі пэўным чынам паўплывалі на філасофію Г.Гегеля, на тэорыі цывілізацый і культур О.Шпенглера і А.Тойнбі. Элементы Е. ёсць і ў сучасных тэорыях грамадскага развіцця, дзе падкрэсліваецца вядучае значэнне еўрап. вопыту навук.-тэхн., тэхнал. і сац.-культ. прагрэсу.
Літ.:
Семенов Ю.Н. Социальная философия А.Тойнби М., 1980;