ІХТЫЯ... [ад грэч. ichthys (ichthyos) рыба], першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «рыба», «рыбін», напр., іхтыялогія, іхтыязаўр.
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах. ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш. геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл. Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
т. 7, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.
Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.Белона і Г.Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.Артэдзі і К.Лінея, ням. І.П.Мюлера, рус. К.Ф.Кеслера, С.П.Крашаншнікава. С.Г.Гмеліна, І.І.Ляпёхіна і інш.
На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус. т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш. Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел. н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, У.С.Пенязя, У.П.Ляхновіча, А.А.Баравік, Г.В.Гладкага, Т.М.Шаўцовай і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.
У.Б.Петухоў.
т. 7, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)