БАГДА́НАВА Галіна Барысаўна
(н. 31.1.1961, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменніца. Дачка Б.І.Сачанкі. Скончыла БДУ (1983). З 1982 у час. «Мастацтва». Друкуецца з 1978. У кн. прозы «Папяровыя замкі» (1990), «Чалавек без адраса» (1991), «Дом іхняе мары» (1994) распрацоўвае праблемы горада, маст. інтэлігенцыі. Псіхалагізм, увага да духоўнага жыцця чалавека, стрыманасць — асн. рысы яе творчай манеры. Выступае як драматург (містычная феерыя «Рамантычнае падарожжа на той свет», 1994; радыёп’еса «Майстэрня Жучка-Баравічка», паст. 1994), аўтар вершаў для дзяцей, эсэ пра мастакоў.
І.У.Саламевіч.
т. 2, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
М.А.Лазарук.
т. 5, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)