ДЖЭ́РМІ (Germi) П’етра

(14.9.1914, г. Генуя, Італія — 5.12.1974),

італьянскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст. Скончыў Эксперым. кінацэнтр у Рыме. Сацыяльна-крытычныя фільмы «Аблудная моладзь» (1947), «У імя закону» (1949, у сав. пракаце «Пад небам Сіцыліі»), «Дарога надзеі» (1950), «Горад абараняецца» (1951), «Машыніст» (1956) і «Бесхарактарны мужчына» (1958, у апошніх сыграў гал. ролі) паставілі Дж. ў лік найб. значных майстроў неарэалізму. Карысталіся поспехам яго сатыр. трагікамедыі пра сіцылійскія норавы: «Развод па-італьянску» (1961), «Спакушаная і пакінутая» (1964), «Альфрэда, Альфрэда» (1971) і вясёлая і гарэзлівая камедыя «Серафіна» (1969).

т. 6, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЭ́Н (Loren; сапр. Шыкалоне; Scicolone) Софія

(н. 20.9.1934, Рым),

італьянская кінаактрыса. У кіно з 1949. Выканала драм. і трагікамічныя ролі жанчын з народа, неапалітанак і рымлянак у фільмах рэж. В. Дэ Сікі: «Золата Неапаля» (1954), «Чачара» (1960, прэмія Оскар), «Учора, сёння, заўтра» (1963), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969), «Паездка» (1974). Здымалася ў фільмах галівудскіх рэжысёраў («Гордасць і пачуццё», «Каханне пад вязамі», «Чорная архідэя», усе 1958; «Ключ», 1959, і інш.), меладрамах, прыгодніцкіх і інш. («Субота, нядзеля, панядзелак», 1990; «Прэт-а-партэ», 1995) кінастужках. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1958), Канах (1961), Маскве (1965), Сан-Себасцьяне (1974). Спец. прэмія Оскар (1990). Аўтар успамінаў (1979).

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)