Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
І́СЦІНА,
адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.Мах, Р.Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д.Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ (Мікалай Мікалаевіч) (27.2.1831, г. Варонеж, Расія — 13.6.1894),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—57), пенсіянер АМ у Італіі (1857—63). Працаваў у Рыме (1857—59) і Фларэнцыі (1860—69). З 1870 у Пецярбургу. Зазнаў уплыў К.Брулова і А.Іванава. Адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. У ранніх творах традыц. для акад. мастацтва евангельскія тэмы трактаваў з глыбокім псіхалагізмам і драматызмам («Тайная вячэра», 1863; «Вестуны ўваскрэсення», 1867). У карцінах на евангельскія тэмы («Што ёсць ісціна?», 1890; «Распяцце», 1892—94, «Галгофа», 1893) сцвярджаў блізкія да поглядаў Талстога ідэі духоўнага пратэсту супраць зла, веліч ахвярнага подзвігу ў імя ідэі. Звяртаўся да гіст. жывапісу («Пётр I дапытвае царэвіча Аляксея Пятровіча ў Пецяргофе», 1871, і інш.), пейзажаў, партрэтаў. Яго партрэты перадаюць складанасць духоўнага жыцця чалавека («А.І.Герцэн», 1867, «Л.М.Талстой», 1884, «Аўтапартрэт», 1893). У Нац.маст. музеі Беларусі тры карціны Ге: «Ахілес аплаквае цела Патрокла», 1855, «Рымлянка», 1857, «Мужчынская галава», 1868.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАГО́Р (Prōtagoras) з Абдэры
(480—410 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Адзін з першых прафес. педагогаў рыторыкі і эрыстыкі (майстэрства спрэчкі), адзін з заснавальнікаў школы сафістаў. Падарожнічаў па Грэцыі, арганізоўваў публічныя дыспуты. Быў у дружалюбных адносінах з Перыклам і Эўрыпідам. Аўтар законаў для г. Фурыі (падрыхтаваў праект новай канстытуцыі), больш за 10 твораў, у т. л. «Аб існым», «Аб навуках», «Аб дзяржаве», «Майстэрства спрэчкі», «Ісціна», «Супярэчнасці». За кн. «Аб багах» быў прыгавораны да смяротнага пакарання, але памілаваны і выгнаны з Афін. П. — адзін з заснавальнікаў рэлятывізму. Яго гнасеалагічны рэлятывізм базіраваў на анталагічным рэлятывізме — прынцыпе абсалютнай зменлівасці матэрыі, пераходзе ўсяго існуючага ў супрацьлеглае сабе. Гэтым і сваім скептыцызмам ён расхістваў дагматызм як тып мыслення. П. зрабіў вывад аб тым, што ісціна цалкам залежыць ад суб’екта («мера ўсіх рэчаў — чалавек: існых — у іх быцці і няісных — у іх небыцці»).
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии. М., 1969. Т. 1, ч. 1.
Літ.:
Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. Пер с греч. М., 1995;
Чанышев А.Н. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.