КЫЗЫ́Л-ІРМА́К
(тур. Kizilirmak чырвоная рака; ант. назва — Галіс),
рака на Пн Турцыі. Даўж. 1151 км, пл. басейна 77,1 тыс. км2. Вытокі ў гарах Кызылдаг. Перасякае Анаталійскае пласкагор’е і Пантыйскія горы, упадае ў Чорнае м. Веснавое разводдзе, летняя межань, асеннія паводкі ад дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м3/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У сярэднім цячэнні — гідравузел Хырфанлар (ГЭС, вадасховішча даўж. 75 км). У даліне К. гарады Сівас, Бафра.
т. 9, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ,
заходняя частка Пантыйскіх гор на Пн Турцыі паміж рэкамі Сакар’я і Кызыл-Ірмак. Даўж. 475 км. Выш. да 2600 м (г. Дэлігэпе). Хрыбты цягнуцца 2—3 паралельнымі радамі, якія размяжоўваюцца падоўжнымі далінамі і катлавінамі. Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Чорнага м. Складзены з пясчанікаў, вапнякоў, метамарфічных парод. Радовішчы каменнага вугалю (Зангулдакскі бас.). Вільготны клімат з боку Чорнага м. спрыяе развіццю горна-лясной расліннасці, вышэй за 2000 м альпійскія лугі. Паўд. хрыбты бязлесныя. У катлавінах, далінах і на нізінах вырошчваюць сады, вінаграднікі, кукурузу, рыс, тытунь і інш.
т. 7, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТАЛІ́ЙСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е,
унутраная ч. Малаазіяцкага нагор’я, у Турцыі. Даўж. каля 700 км (з З на У), шыр. 400 км (з Пн на Пд). На Пн абмежавана Пантыйскімі гарамі, на Пд — гарамі Таўр. Паверхня выраўнаваная, слаба расчлянёная, пераважныя выш. 800—1500 м, найб. — 3916 м (вулкан Эрджыяс). Складзена ў асн. з асадкавых парод, адзначаны праяўленні вулканізму. Радовішчы бурага вугалю. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў ад 200 да 500 мм за год, максімальныя — вясной. Анаталійскае пласкагор’е перасякаюць рэкі Кызыл Ірмак, Сакар’я і інш. Ёсць саланчакі і салёныя азёры (воз. Туз і інш.). Глебы шэрыя і бурыя. Расліннасць — сухі палынова-злакавы стэп (у гарах) і паўпустыні з зараснікамі калючых падушкападобных хмызнякоў. Аазіснае земляробства, жывёлагадоўля.
т. 1, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)