ВАМПІ́Р

(франц. vampire, ням. Vampir),

у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — мярцвяк, які ноччу выходзіць з магілы, каб шкодзіць людзям (смактаць кроў, душыць, ірваць на часткі і г.д.). Нар. фантазія вампіра ўяўляла з тоўстымі (раздутымі) губамі і тонкім, вострым, як змяінае джала, языком. У нар. вераваннях вампір — увасабленне страху прымхлівых людзей перад памерлымі чараўнікамі (стараж. славяне нават прыносілі вампіру ахвяры).

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)