Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́НЫ (ад грэч. iōn які ідзе),
электрычна зараджаныя часціцы, якія ўтвараюцца ў выніку страты ці набыцця электронаў атамамі або групамі хімічна звязаных атамаў. Зарад І. кратны элементарнаму эл. зараду. Дадатныя І. наз.катыёнамі (напр., катыёны алюмінію Al3+, амонію NH44+), адмоўныя — аніёнамі (напр., аніёны хлору Cl−, сернай к-ты SO42-). Тэрмін «І.» прапанаваны М.Фарадэем (1834).
У свабодным стане існуюць у газавай фазе (у плазме). У кандэнсаваных фазах звязаны (узаемадзейнічаюць) з часціцамі, што іх акружаюць (І. процілеглага знака ў крышталях і расплавах, з нейтральнымі малекуламі — у растворах; гл.Гідратацыя, Сальватацыя). Асн. структурныя характарыстыкі І. у кандэнсаванай фазе — іонны радыус і каардынацыйны лік. У эл. полі І. пераносяць электрычнасць: катыёны — да адмоўнага электрода (катода), аніёны — да дадатнага (анода); адначасова адбываецца перанос рэчыва, што адыгрывае значную ролю ў электролізе, пры іонным абмене. Удзельнічаюць у хім. рэакцыях (як каталізатары, прамежкавыя часціцы), геахім. працэсах, працэсах абмену рэчываў у жывым арганізме (функцыянаванне біял. мембран, праводнасць нерв. імпульсаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
уласцівасць глебы перашкаджаць змяненню сваёй актыўнай кіслотнасці (pH) пры ўздзеянні кіслот або шчолачаў.
Абумоўлена наяўнасцю ў ёй калоідаў, якія маюць здольныя да абмену іоны: іоны вадароду вызначаюць буфернасць у адносінах да шчолачаў, а іоны асновы — да кіслот. Глебавы раствор валодае буфернай уласцівасцю, калі ў ім ёсць солі моцнай асновы (натрыю, калію, кальцыю) і слабых, пераважна арган. кіслот (гумінавай, вугальнай і інш.), у сумесі са слабай кіслатой, у якой ёсць агульны з соллю аніён. Буфернасць глебы залежыць звычайна ад калоіднай і глеістай фракцый глебы. Найб. буферныя багатыя гумусам глебы цяжкага грануламетрычнага складу: чарназёмныя, тарфяністыя і інш. Расліны адмоўна рэагуюць на рэзкія ваганні pH глебы, таму буфернасць глебы адыгрывае вял. ролю ў іх росце і развіцці; яе можна павысіць унясеннем арган. ўгнаенняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТАІ́НЫ, цвітэр-іоны,
унутраныя солі хім. злучэнняў, якія маюць карбаксільную групу (-COOH) і чацвярцічны атам азоту ці трацічныя атамы кіслароду і серы, напр. (CH3)3N+CH2COO−; біпалярныя іоныарган. злучэнняў. Нейтральныя малекулы, у якіх процілеглыя эл. зарады прасторава раз’яднаны. Існуюць у прыродзе як форма амінакіслот у крышталях і водных растворах, як прамежкавыя рэчывы азоцістага абмену многіх раслін і жывёл. Сінт. бетаіны — паверхневаактыўныя рэчывы; выкарыстоўваюцца як эмульгатары палімерызацыі, дыспергатары, антыстатыкі, змочвальнікі ў папяровай, гарбарнай, тэкст. і металаапр. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ННАЯ СУ́ВЯЗЬ,
тып хімічнай сувязі, якая ўтвараецца за кошт дзеяння электрастатычных (кулонаўскіх) сіл паміж процілегла зараджанымі іонамі. Іоны ўтвараюцца з атамаў элементаў у выніку пераносу валентнага электрона ад атама элемента з нізкім іанізацыі патэнцыялам да атама элемента з вялікай роднасцю да электрона. Характэрна для хім. злучэнняў найб. актыўных металаў (шчолачных, шчолачназямельных і інш.) з тыповымі неметаламі (у асн. галагенамі). Такія злучэнні (напр., хларыд калію K+Cl−, фтарыд цэзію Cs+F−) існуюць пераважна ў выглядзе крышт. рэчываў — іонных крышталёў і пры растварэнні ў палярных растваральніках дысацыіруюць на іоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,
сукупнасць эл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.
Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш.Напр., у хім. крыніцах току (гл.Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э.с. Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.
Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛАПРАТЭІ́ДЫ, металапратэіны,
складаныя бялкі, якія маюць у сабе іоны металаў (жалеза, медзь, цынк і інш.). У жывых арганізмах выконваюць функцыі каталізатараў біяхім. рэакцый, дыхальных пігментаў, пераносчыкаў кіслароду, металаў, ферментаў (металаферментаў). Напр., назапашванне і перанос жалеза (ферытын, трансферын), медзі (цэрулаплазмін), цынку (карбаангідраза, карбаксіпептыдаза) і інш.