АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),
своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.
т. 1, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),
амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.С.Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД у мовазнаўстве,
граматычная катэгорыя, якая з’яўляецца адной з важнейшых класіфікацыйных адзнак назоўнікаў і сродкам выражэння прадметнасці іх значэння.
У сучаснай бел. мове кожны назоўнік належыць да аднаго з трох Р.: мужчынскага, жаночага або ніякага, акрамя тых, што ўжываюцца толькі ў мн. л. («граблі», «канікулы»; іх або не адносяць ні да якога Р., або да своеасаблівага «парнага» Р.). Частка адушаўлёных назоўнікаў, якія могуць абазначаць асоб. і мужчынскага, і жаночага полу, адносіцца да т.зв. агульнага Р. («суддзя», «запявала»). Некат. назоўнікі выражаюць значэнні мужчынскага і жаночага Р. адной родавай формай («таварыш», «аграном»), Р. нязменных (нескланяльных) назоўнікаў іншамоўнага паходжання вызначаецца сінтаксічна — формамі дапасаваных азначэнняў («наш аташэ», «наша інжэню»). Прыметнікі, некат. лічэбнікі і займеннікі, дзеясловы, дзеепрыметнікі набываюць родавыя адрозненні ў дапасаванні да назоўнікаў («хрусталёвая люстра», «сваё амплуа»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)