ІНДАСАМЕ́НТ (ням. Indossament ад лац. in на + dorsum спіна),
перадатачны надпіс, які выконваецца на адваротным баку вэксаля, чэка, канасамента і некаторых інш. каштоўных папер і азначае перадачу правоў па гэтых дакументах ад адной асобы (індасанта) да іншай (індасату). І. можа быць імянны, ордэрны (указваецца асоба, якой ці ў распараджэнне якой перадаецца дакумент) або бланкавы (прад’яўнічы, без пазначэння асобы, якой уступаецца дакумент). І. па вэксалю або чэку ўскладае на індасата адказнасць за плацеж па гэтым дакуменце.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ТАЧНЫ НА́ДПІС,
надпіс, які робіцца на некаторых відах каштоўных папер (напр., на вэксалях, чэках) іх трымальнікам для перадачы правоў патрабавання па іх. Гл. Індасамент.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́КСАЛЬНАЕ АБАРАЧЭ́ННЕ,
працэс руху вэксаля ад моманту эмісіі (выпуску) да пагашэння. Вэксальнае абарачэнне простага (непераводнага) вэксаля ўключае яго эмісію, захаванне, улік (пагашэнне). Вэксальнае абарачэнне пераводнага вэксаля ўключае таксама працэс яго перадачы (індасамент), што азначае перадачу правоў ад адной асобы да другой.
т. 4, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТЫФІКА́ЦЫЯ,
1) у міжнародным праве — афіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты або інш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.
2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл. Індасамент).
т. 11, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ ПАПЕ́РЫ,
дакументы, якія даюць іх уладальніку маёмасныя правы і права на атрыманне пэўных грашовых сум, даходаў. У залежнасці ад зафіксаваных у іх правоў адрозніваюць К.п. грашовыя (аблігацыі, вэксалі, чэкі і інш.), таварныя (канасаменты, складскія пасведчанні і інш.) і тыя, што замацоўваюць права ўдзельніцтва ў якой-н. кампаніі (акцыі, сертыфікаты на акцыі і інш.). У залежнасці ад спосабу вызначэння правамоцнасці асобы вылучаюць К.п. на прад’яўніка (уласнікам К.п. прызнаецца асоба, якая валодае дакументам), імянныя (у тэксце дакумента пазначана імя ўласніка), ордэрныя (прадугледжваюць магчымасць быць перададзенымі інш. асобе праз перадатачны надпіс на абаротным боку дакумента — індасамент). К.п. могуць быць аб’ектам куплі-продажу. Афармленне і рэквізіты К.п. павінны адпавядаць вызначаным патрабаванням. Гл. таксама Дзяржаўныя каштоўныя паперы.
т. 8, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)