«ЧО́БАТЫ»,
бел. старадаўні нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп ад умеранага да хуткага. Выконваўся пад музыку або пад прыпеўкі, часам адначасова пад музыку і прыпеўкі. Існавала некалькі тыпаў танца — ад абрадавага да сольнага. Выканаўца сольнага танца напачатку імітуе працэсы пашыву чобатаў, потым прытупвае то адной, то другой нагой, робіць скокі на дзвюх нагах у павароце і, стоячы на месцы, рухаецца па крузе бягом або павольна. Часта танец выконваецца на месцы, тады ён больш эмацыянальны і рухі больш складаныя. Існавалі варыянты, калі выканаўца дэманстраваў спрыт і фантазію, часам разам з дзяўчынай (Лельчыцкі, Жыткавіцкі р-ны Гомельскай вобл.). Танец насіў гумарыстычны характар. Абрадавы тып «Ч.» — частка традыц. вясельнага абраду (пашыраны на Прыпяцкім Палессі). Выконваўся бацькамі маладой пасля таго, як зяць. абдорваў цешчу і цесця (некалі абуткам). Пад воклічы гасцей бацькі пераабуваліся, потым іх на ўслоне падымалі ўверх і абносілі вакол сталоў. Бацькі ў гэты час махалі нагамі, стукалі нагой аб нагу і інш. Пасля завяршэння круга ўслон ставілі на падлогу, а бацькі працягвалі імправізаваць свой танец. Падчас яго выканання госці спявалі прыпеўкі. Кожнай мясцовасці ўласцівы свой варыянт танца. Яго сцэн. варыянт уваходзіць у рэпертуары некат. прафес. і аматарскіх калектываў Беларусі.
М.А.Козенка.
т. 17, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)