Імпатэнцыя 8/484

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПАТЭ́НЦЫЯ (ад лац. impotentia слабасць, бяссілле), палавая слабасць,

парушэнне палавой функцыі ў мужчын, што выяўляецца поўнай ці частковай няздольнасцю да палавога акта. Найчасцей (больш за 80%) гэта парушэнне эрэкцыі. Прычыны І.: функцыян. і арган. парушэнні ц. н. с., хваробы палавых органаў, эндакрынная, уралагічная паталогія, мех. перашкоды.

І., абумоўленая хваробамі ц. н. с., падзяляецца на картыкальную і спінальную. Прыкартыкальнай І. нерв. сістэма тармозіць палавую функцыю (страх няўдачы, хваробы вен і інш.) або кара галаўнога мозга ўзбуджае палавыя цэнтры (міжвольнае вывяржэнне семя пры нармальнай эрэкцыі). Спінальная І. звязана з пашкоджаннем спіннамазгавых цэнтраў эрэкцыі і эякуляцыі. Эндакрынная І. бывае пры парушэнні гарманальнай функцыі яечак у выніку арган. ці спадчынных хвароб ганад, гіпофіза, гіпаталамуса. І. з прычыны мех. перашкод абумоўлена заганамі развіцця і хваробамі палавога члена, вял. пахвіннымі і машоначнымі грыжамі. І. адрозніваюць ад бясплоднасці мужчын. Лячэнне комплекснае: псіхатэрапія, тэрапеўт., хірургічнае. І. вывучае андралогія.

І.​У.​Дуда.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВА́Я СЛА́БАСЦЬ,

тое, што імпатэнцыя.

т. 11, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАВЫ́Я ПАРУШЭ́ННІ,

парушэнні палавога развіцця (адсутнасць палавога развіцця, затрымка або заўчаснае палавое выспяванне), анамаліі развіцця палавых органаў і гермафрадытызм. Пры адсутнасці другасных палавых прыкмет у хлопчыкаў і дзяўчынак 15—17 гадоў стан палавога развіцця ацэньваецца як паталагічны. Бывае заўчаснае палавое выспяванне, калі другасныя палавыя прыкметы з’яўляюцца раней як у 10 гадоў. Анамаліі развіцця вонкавых і ўнутр. палавых органаў выяўляюцца ў раннім дзіцячым узросце, часам спалучаюцца з заганамі развіцця інш. органаў і сістэм (асабліва мочавывадных шляхоў). Лячэнне комплекснае (хірург., гарманальнае, псіхатэрапія). Да П.п. адносяць таксама палавыя расстройствы, функцыян. П.п. (анаргазмія, вагінізм, гіперсексуальнасць, імпатэнцыя і інш.) і палавыя ненармальнасці, перверсіі, паталаг. накіраванасць палавой цягі (заафілія, мазахізм, педафілія, садызм і інш.). Вывучаюцца сексапаталогіяй.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)