ІМАВЕ́РНАЕ І ВЕРАГО́ДНАЕ ў логіцы,
адрозненне паміж ведамі, адпаведнасць якіх рэчаіснасці сцвярджаецца толькі як магчымая або ў той ці інш. ступені імавернасная, і абгрунтаванымі; доказнымі, бясспрэчнымі, сапраўднымі ведамі. Напр., правільныя дэдуктыўныя разважанні даюць верагодныя веды ў адрозненне ад індуктыўных разважанняў, вывады якіх маюць імавернасны характар (гл. таксама Верагоднасць, Імавернасная логіка).
т. 7, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУ́КЦЫЯ (ад лац. inductio навядзенне, стымуляванне) у логіцы, спосаб разважання (розумазаключэння) і метад даследавання, пры якіх агульныя вывады робяцца на аснове ведаў аб адзінкавых фактах. Пытанні тэорыі І. сустракаюцца ў працах Арыстоцеля, імі займаліся прадстаўнікі эмпірычнага прыродазнаўства 17—18 ст. Значны ўклад у распрацоўку тэорыі І. зрабілі Ф.Бэкан, Г.Галілей, І.Ньютан, Дж.С.Міль, Дж.Гершэль. Шырока выкарыстоўваецца пры пабудове пэўных тэорый у біялогіі, фізіцы, матэматыцы (гл. Матэматычная індукцыя) і інш. Індуктыўнае заключэнне заўсёды імавернае, але калі яно ісціннае, то нясе ў сабе новыя веды. Таму індуктыўнае заключэнне патрабуе дадатковых сродкаў пазнання, прымяненне якіх і вырашае пытанне аб ісціннасці канчатковых вывадаў. Адрозніваюць І. поўную і няпоўную. Поўная І. ўяўляе сабой вывад агульнага палажэння пра клас увогуле на аснове разгляду ўсіх яго элементаў; яна дае дакладны вывад. Пры няпоўнай І. агульны вывад робіцца на аснове разгляду часткі прадметаў пэўнага класа. Гэты вывад не поўны, а таму не зусім дакладны, патрабуе далейшага даследавання інш. метадамі (гл. Аналіз, Сінтэз, Дослед, Дэдукцыя).
В.М.Пешкаў.
т. 7, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)