Ільняная тканіна 1/99; 5/68; 10/258

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ільняная прамысловасць 5/66, 67—68; 10/379; 12/301

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНЯНА́Я ТКАНІ́НА,

тканіна, якую вырабляюць з ільняной пражы палатняным перапляценнем. Пры ўключэнні ў аснову ці ўток баваўнянай пражы ці валокнаў хімічных тканіна наз. паўільняной. Бывае суравая, адбеленая, фарбаваная. Вызначаецца высокай трываласцю, дыхтоўнасцю, павышанай шчыльнасцю, якія ўзмацняюцца апрэтаваннем, добра паглынае вільгаць. Паводле прызначэння і структуры адрозніваюць І.т.: сталовыя адамашкавыя (абрусы, сурвэткі); ручніковыя адамашкавыя, махрыстыя і гладкія; касцюмна-сукеначныя; палотны прасцінныя, бялізнавыя (напр., батыст); тэхн. (парусіны брызентавыя, пакавальныя і мяшочныя тканіны і інш.). Гл. таксама Ільняная прамысловасць.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна тэкстыльнай прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску бытавых (касцюмных, бялізнавых, парцьерных і інш.), тэхн. і тарных тканін, дывановай пражы. З адходаў асн. вытв-сці вырабляецца пакулле для ўпакоўкі, з кастрыцы — пліты, з самых нізкіх нумароў ільновалакна — радно, вяроўкі, шпагат. Прадпрыемствы размяшчаюцца ў раёнах вырошчвання лёну-даўгунцу і звязаны з ільнаводствам, ільноапрацоўкай. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне: ільняным валакне, баваўнянай пражы, хім. валокнах. Найб. развіта І.п. у Расіі, Францыі, Нідэрландах, Бельгіі, Польшчы, Германіі, Румыніі, Вялікабрытаніі, Японіі, на Украіне, Беларусі.

Вытв-сць ільновалакна і ручное ткацтва на Беларусі пашыраны з даўніх часоў. Першыя палатняна-парусінавыя мануфактуры засн. ў канцы 18 ст. ў Крычаве, Шклове, Горках, Добрушы і інш. Канкурэнцыя суседніх раёнаў Расіі і краін Зах. Еўропы прывяла да заняпаду галіны. У канцы 19 ст.пач. 20 ст. З пранікненнем на Беларусь замежнага капіталу пачалося аднаўленне І.п. У 1900 руска-бельгійскае акц. т-ва пабудавала Віцебскую лёнапрадзільную фабрыку «Дзвіна». У 1902 аўстр. прадпрымальнікі заснавалі Высачанскую лёнапрадзільную фабрыку. На долю 8 заснаваных у 1900—13 прадпрыемстваў прыпадала 78% валавой прадукцыі тэкст. прам-сці Беларусі. Пераважна выраблялася пража, якую вывозілі на адпаведныя прадпрыемствы Расіі і Зах. Еўропы.

Значнае развіццё І.п. адбылося ў пач. 1930-х г., калі быў пабудаваны Аршанскі льнокамбінат. Стварэнне на гэтым камбінаце ў пасляваенны час новых вытв-сцей значна змяніла асартымент прадукцыі і павысіла яе якасныя характарыстыкі, што дазволіла выйсці на міжнар. рынак. У 1990-я г. І.п. Беларусі перажывае эканам. цяжкасці. У 1995 выраблена 41 млн. м² тканін (у 1990—94 млн. м²).

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Ільняная прамысловасць. Асартыментны кабінет Аршанскага льнокамбіната.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАТНО́,

1) П. тэкстыльнае — гладкая льняная, паўільняная, баваўняная ці шаўковая тканіна, якую вырабляюць палатняным перапляценнем. Звычайна ніткі асновы ва ўтку маюць аднолькавую таўшчыню і шчыльнасць (гл. Ільняная тканіна). У шырокім сэнсе тэкст. П. — тканіны, трыкатаж, гардзінна-цюлевыя і інш. вырабы.

2) П. нажовачнае — рэжучы інструмент у выглядзе стальной стужкі (пласціны) з зубамі з аднаго боку.

т. 11, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ЛЕФЕЛЬД (Bielefeld),

горад на Пн Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія. Вядомы з 1015. 324,7 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел (чыгунка і шаша каля праходу праз горны масіў Тэўтабургскі Лес). Маш.-буд. (у т. л. с.-г. і тэкст.), тэкст. (ільняная), швейная (у т. л. выраб бялізны), харч., хім.-фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л. мастацкі, этнагр., ігральных картаў). Арх. помнікі 13—16 ст.

т. 3, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тканіна 1/96, 99, 485; 5/280

- » - баваўняная, гл. Баваўняная тканіна

- » - ільняная, гл. Ільняная тканіна

- » - шарсцяная, гл. Шарсцяная тканіна

- » - шаўковая, гл. Шаўковая тканіна

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНОАПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка льносаломы на луб або льнотрасты на валакно. У гаспадарках ачасаную льносаломку рассцілаюць на льнішчы. У выніку жыццядзейнасці мікраарганізмаў яна ператвараецца ў трасту, у якой разбураюцца сувязі паміж валакністай і драўніннай часткамі сцябла. Раней трасту атрымлівалі таксама на льнозаводах вымочваннем ільносаломы ў спец. ёмістасцях біял. спосабам. Падрыхтаваную трасту або салому апрацоўваюць на мяльна-трапальных, а адходы трапання — на кудзелепрыгатавальных агрэгатах (гл. Ільноапрацоўчыя машыны). Пры мех. апрацоўцы разбураецца сцябло і валокны аддзяляюцца ад драўніннай часткі. Доўгае і кароткае льновалакно або луб сартуюць і адпраўляюць на льнокамбінаты. Гл. таксама Ільняная прамысловасць.

П.​П.​Казакевіч.

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІТУ́ХА (Cuscuta),

род кветкавых раслін сям. павітухавых. Больш за 150 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя П.: еўрапейская (C. europaea), ільняная (C. epilinum), чабаровая (C. epithymum).

Аднагадовыя травяністыя паразітычныя расліны. Сцябло павойнае, бесхларафільнае, нітка- або шнурападобнае, бясколернае ці афарбаванае (аранжавае, жоўтае, ружаватае, чырванаватае), без каранёў і лісця (рэдукавана ў лускавінкі). Абвівае расліну-гаспадара, укараняецца ў яго прысоскамі (гаўсторыямі) і жывіцца сокамі (парушае абмен рэчываў, затрымлівае рост і развіццё, часта выклікае гібель). Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя, ружаватыя ў клубочках, парасоніках або гронках. Плод — каробачка. Паразіты с.-г. культур і кармавых траў, дзікарослых раслін, дрэў, небяспечнае каранціннае пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Павітуха.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖАЎ-ВЕЛЬКАПО́ЛЬСКІ (Gorzów Wielkopolski),

горад на З Польшчы, на р. Варта. Цэнтр Гожаўскага ваяв. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (пад’ёмныя краны, дэталі трактароў), хім. (вытв-сць сінт. валокнаў і інш.), тэкст. (пераважна шаўковая), харч., дрэваапр., ільняная. Тэатр, музей. Арх. помнікі: гатычны сабор (14—15 ст.), фрагменты гар. муроў (14 ст.) з вежамі, неакласіцыстычны арсенал (18—19 ст.).

Засн. ў 1257 пад назвай Ландсберг магдэбургскім маркграфам Янам I як умацаванне для аховы пераправы цераз р. Варта. Зручнае геагр. становішча (на дарозе з Сілезіі ў Зах. Памор’е) спрыяла росту яго ролі ў гандлі з Польшчай. Росквіт Гожава-Велькапольскага прыпадае на 14—15 ст. У 16 ст. горад прыйшоў у заняпад, які паглыбіўся ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48. У 18 ст. цэнтр суконнай вытв-сці і гандлю воўнай. У час 2-й сусв. вайны моцна разбураны.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)