СЛУ́ЦКІ ІЛЫ́НСКІ МАНАСТЫ́Р,
праваслаўны манастыр у г. Слуцк Мінскай вобл. ў 16—19 ст. Размяшчаўся ў Старым горадзе на вул. Віленскай перад Віленскай брамай. Дакладная дата заснавання невядома. Упершыню згадваецца ў 1515. Царк. гісторыкі лічаць, што да 1611 манастыр быў мужчынскі, потым пераўтвораны ў жаночы. У 19 ст. манастырскі комплекс уключаў халодную саборную царкву Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, цёплую царкву св. Іаана Златавуста, званіцу над гал. уязной брамай, манастырскі корпус з 13 келлямі, дамок для ігуменні, гасп. пабудовы. Усе будынкі былі драўляныя. Паводле рашэння сінода ў 1854 манастыр закрыты, а яго маёмасць перададзена Пінскаму Варварынскаму манастыру. У 1856 будынак цёплай царквы перанесены на Замкавую гару ў Слуцку, а Саборная царква ў 1861 перавезена ў в. Заўшыцы Слуцкага пав. (абедзве не захаваліся), дамок ігуменні і манастырскі жылы корпус перададзены гар. сабору.
Н.І.Пятровіч.
т. 15, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)