ІЛЛІ́НІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Корчак» у ВКЛ. Паходзілі, магчыма, з правасл. баярства Северскай зямлі. У сярэдзіне 15 ст. вядомы Яцка І., які атрымаў ад вял. князя Казіміра пацвярджэнне «отчины и дедины» ў Старадубскім і Радагошчанскім пав., с. Пожанка ў Клецкім княстве. Верагодна, яго братам быў Іван I. (? — каля 1490), намеснік драгічынскі (каля 1475), віцебскі (1482), смаленскі (1487). У канцы жыцця набыў Мір. Меў сыноў Мікалая і Юрыя, ад якіх пайшлі дзве галіны роду. Мікалай (? — каля 1500) быў намеснікам мінскім (1494), маршалкам гаспадарскім (1495), намеснікам смаленскім (1499). Юрый (? — 1527) быў маршалкам гаспадарскім і намеснікам лідскім (1500, паўторна прызначаны ў 1510), брэсцкім (1510), ковенскім (1514), маршалкам дворным (1519). Каля 1510 пабудаваў Мірскі замак. Яго ўнук Юрый (каля 1535 — каля 1565), апошні прадстаўнік роду І., з 1555 карыстаўся тытулам графа на Міры. Асн. маёнткі роду перайшлі да Радзівілаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КО́РЧАК»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 270 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Баратынскія, Браніцкія, Есьманты, Заранкі, Іллінічы, Катовічы, Мялешкі, Млечкі. Мае ў чырв. полі тры папярочныя сярэбраныя бэлькі, якія звужаюцца да нізу. Клейнод — над прылбіцай з каронай у залатой чары палова сярэбранага сабакі. У Польшчы вядомы з канца 14 ст. Паводле Я.​Длугаша, герб утвораны каралём Людвікам I; ён дадаў тры бэлькі, якія выцеснілі сабаку з тарчы ў клейнод. У ВКЛ пашырыўся пасля прыняцця Гарадзельскага прывілея 1413.

Герб «Корчак».

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 17 км ад Талачына, 140 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Талачын. 301 ж., 114 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

Вядомы з 15 ст., належалі кн. Друцкім-Пуцяцічам. З канца 15 — пач. 16 ст. яе ўладальнікамі былі Іллінічы, Кішкі, Радзівілы, Сапегі, Нарушэвічы, Пацы, Воўкі і інш. З 1559 цэнтр воласці. На карце ВКЛ Т.​Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка, цэнтр аднайм. маёнтка, уваходзілі ў Аршанскі пав. З 1772 у Рас. імперыі, сяло. Уваходзілі ў Копыскі, з 1861 у Аршанскі пав. Магілёўскай губ. У 1897 складаліся з 4 паселішчаў: панскага двара, 2 сёл (71 і 39 ж.), вёскі (185 ж). З 1924 у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на. У 1970 — 235 ж.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЛЬВА,

гарадскі пасёлак, цэнтр Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка. За 132 км ад Гродна. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 8,6 тыс. ж. (1997).

Вядома з 1470 як сяло Вял. З., уласнасць Міхаіла Начовіча (з 1477 вядомы суседні маёнтак Малая З.). У 16—19 ст. Вял. і Малой З. валодалі Вішнеўскія, Іллінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія, Глябовічы, Радзівілы, Язерскія, Палубінскія, Сапегі. З 1524 Вял. З. (з 16 ст. ў крыніцах проста З.) мястэчка Ваўкавыскага пав. У 1616 рынак і 3 вуліцы, 17 корчмаў, 2 млыны. У 1720 атрымала прывілей на таргі і кірмашы. З 1739 заснавана рэзідэнцыя піяраў. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. У 1831 канфіскавана ва ўласнасць дзяржавы за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31. У 1897—2879 ж., нар. вучылішча, лячэбніца, млын, бровар, медаварня, свечачная майстэрня. У 20 ст. Малая З. ўвайшла ў межы З. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Зэльвенскага раёна. З 1.7.1941 да 12.7.1944 акупіравана ням.-фаш. войскамі, якія загубілі ў З. і раёне 6049 чал. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не. У 1971—4,3 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, санаторна-лясная школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, 2 камбінаты быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Зэльвенская Троіцкая царква (19 ст.), касцёл Дзевы Марыі (пач. 20 ст.). Каля З. — гарадзішча і курганны могільнік.

В.​У.​Шаблюк.

т. 7, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)