Ізбішча (в.) 1/216; 3/80 (к.); 4/255 (к.); 5/54; 6/240 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБІ́ШЧА,
вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗБІШЧА,
археалагічныя помнікі (селішча 2-й чвэрці 1-га тыс., курганны могільнік 10—12 ст.) каля в.Ізбішча Лагойскага р-на Мінскай вобл. На селішчы ранняга жал. веку і полацкіх крывічоў выяўлены рэшткі каменных печаў, агнішчы, гасп. ямы; сярод знаходак ляпная кераміка, посуд банцараўскай і доўгіх курганоў паўн. Беларусі культур, 2 позналатэнскія фібулы 3—4 ст., бронзавая лунніца, бранзалет са змяінымі галоўкамі, гліняная форма для адліўкі ўпрыгожанняў, крэсіва 10—11 ст. На могільніку (120 насыпаў), які належаў жыхарам селішча, пахавальны абрад — трупапалажэнне (большасць — галавой на Пн), у 8 насыпах — трупаспаленне; пахавальны інвентар — бронзавыя скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, шыйныя грыўні, прылады працы, кераміка, выкарыстанне ва ўборах жанчын вял. колькасці шкляных пацерак, у пахаваннях мужчын — жал. сякеры; у адным кургане з заможным пахаваннем знойдзена маніста з 8 падвескамі з куфіцкіх дырхемаў, візант. меліярысіяў, зах.-еўрап. дэнарыяў.
В.У.Казей, Г.В.Штыхаў.
Упрыгожанні 11 ст. з курганнага могільніка Ізбішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДГА́ЙНЫ (Міхаіл Васілевіч) (н. 5.1.1954, в.Ізбішча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл),
бел.дзярж. дзеяч. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1991). З 1975 працаваў інжынерам-тэхнолагам Мінскага вытв. аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977—91 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1991 нам. міністра культуры Рэспублікі Беларусь, з 1992 старшыня К-та па справах моладзі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1995 дырэктар гуманітарных праграм Бел. цэнтра інфармацыі ЮНЕСКА, з 1996 начальнік гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па друку.
польскі гісторык. Бацька Гейштара паходзіў са шляхецкага роду (в.Ізбішча Барысаўскага пав., цяпер Лагойскі р-н). Гейштар вучыўся ва ун-тах Варшавы і Парыжа. У 1946—89 праф., дэкан гіст. ф-та Варшаўскага ун-та, адначасова ў 1980—91 дырэктар Каралеўскага замка ў Варшаве. Чл. (з 1972) і старшыня (1981—84, 1990—92) Польскай АН, чл. многіх акадэмій Еўропы. Чл. кіраўніцтва (1965) і старшыня (1980—85) Міжнар.к-тагіст.навук. Выкладчык і ганаровы доктар буйнейшых ун-таў Еўропы. Даследуе еўрап., у т. л. польскае, сярэдневякоўе, гісторыю гарадоў і культуры Рэчы Паспалітай, даследуе спец.гіст. дысцыпліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ГІЛЬНІК,
група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл.Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п.Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.М.Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.А.Альшанікаў), Грачушына (У.А.Яфрэменка), Клясціцы (С.П.Пархімовіч, І.М.Малахаў, Б.Я.Руба), Мілавіды (І.М.Марачкоўскі), Пірагі (У.А.Хамчаноўскі), Ражнова (М.М.Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГО́ЙСКІ РАЁН.
На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс.км². Нас. 43,5 тыс.чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Лагойск. Уключае г.п.Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.
Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-растудз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 90,6 тыс.га, з іх асушаных 23,7 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст. — пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІЧЫ́,
аб’яднанне ўсх.-слав. плямён, якія жылі ў бас. верхняга Дняпра, Зах. Дзвіны, Волгі і на Пд Чудскога воз. Вядомы па археал. помніках і пісьмовых крыніцах. На думку адных вучоных, назва паходзіць ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві), на думку іншых — ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейтэ, магчыма, узгоркавай мясцовасці (крывізна), дзе яны жылі. Працэс фарміравання К. адбываўся ў 2-й пал. 1-га — пач. 2-га тыс.н. э. ў выніку асіміляцыі славянамі балцкіх і зах.-фін. плямён. У канцы 1-га тыс.н. э. племянное аб’яднанне К. распалася на 3 групы — полацкую, смаленскую і пскоўскую (паводле назвы іх гал. гарадоў). Смаленскія К. паводле культуры вельмі блізкія да полацкіх, таму ў этнагр. адносінах іх звычайна разглядаюць як полацка-смаленскую групу плямён. Для полацкіх К., ці палачан, як яны названы ў летапісе, характэрны доўгія курганы, у якіх захавалася шмат рэчаў матэрыяльнай культуры балтаў. На мяжы 10—11 ст. К. хавалі нябожчыкаў у круглых курганах з абрадам трупапалажэння на гарызонце, пазней — трупапалажэнне ў ямах, зрэдку ў насыпах. Большасць нябожчыкаў арыентавана паводле слав. звычаю галавой на З, трапляюцца мужчынскія пахаванні з адваротнай арыентацыяй (галавой на У) або мерыдыянальныя (Пн—Пд). У курганах трапляюцца багатыя пахаванні з мноствам рэчаў, бедныя з невял. колькасцю інвентару ці зусім без яго, што сведчыць пра маёмасную няроўнасць. Трапляюцца і драўляныя дамавіны. Есць у могільніках і кенатафы. Пры даследаванні курганоў выяўлены прыкметы трызны і стравы. Для полацкіх і смаленскіх К. характэрны пэўны тып упрыгожанняў — бранзалетападобныя драцяныя скроневыя кольцы дыяметрам 5—11 см з завязанымі канцамі і шкляныя залачоныя пацеркі. У курганах 11—12 ст. трапляюцца язычніцкія амулеты з іклаў і зубоў жывёл, вельмі рэдка — металічныя крыжыкі, якія насілі ў маністах. Асн.гасп. адзінкай К. у 2-й пал. 1-га тыс.н. э. была вял. патрыярхальная сям’я; працэс вылучэння малых сямей пачаўся у 8—9 ст. У сац. адносінах К. — федэрацыя плямён, у рамках якіх фарміраваліся класы, дзяржаўнасць (княжанні), пранароднасць. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», у Полацку існавала сваё княжанне К. — палачан. У ваен.-адм. адносінах племянныя княжанні апіраліся на сістэму ўмацаванняў (Полацк, Віцебск, Лукомль, Браслаў), на аснове якіх пазней сфарміраваліся гарады.
Упершыню ў летапісе К. (відаць, пскоўскія) упамінаюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 859. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Візантыі. У канцы 10 ст. на тэрыторыі рассялення полацкіх К. склалася Полацкае княства, насельніцтва якога названа К. ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162. Назва «крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэр.паўн. Беларусі да 1-й чвэрці 14 ст. У латышскай мове тэрмінам «К.» называюць усіх усх. славян, «балткрыеві» — беларусаў. Ад этноніма К. паходзяць назвы многіх вёсак у Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцях Беларусі. На тэрыторыі рассялення полацкіх К. вывучаліся гарадзішчы ў Віцебску, Полацку, Заслаўі, Лукомлі, селішчы і курганныя могільнікі каля вёсак Баркі, Бельчыца, Бяльмонты, Вышадкі, Глівін, Глінішча, Дарахі, Ізбішча, Кублішчына, Лісна, Плусы, Пуцілкавічы, Сенчукі, Сосенка, Чарневічы, Янкавічы і інш. На думку Я.А.Шміта, паводле даных раскопак доўгіх курганоў Смаленшчыны 8—9 ст., К. — племянны саюз, які «уключаў у сябе славян і розныя групы ўсх. балтаў». Э.М.Загарульскі лічыць, што доўгія курганы, з якімі звычна атаясамліваюць К., належалі балтам.
Літ.:
Этногенез белорусов: Тез. докл.Мн., 1973;
Штыхаў Г.В. Крывічы. Мн., 1992;
Загарульскі Э.М. Заходняя Русь IX—XIII стст. Мн., 1998.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Крывічы: 1 — выява крывіча (рэканструкцыя І.У.Чаквіна па чэрапе з курганнага могільніка Кублішчына 11 ст., скульптар Л.П.Яшэнка); 2—3 — этнавызначальныя рэчы.