Ізабары 2/171; 5/51

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),

лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ЧНЫ ГРАДЫЕ́НТ, бараметрычны градыент,

паказчык стану атмасферы, які характарызуе змяненне атм. ціску на адзінку адлегласці па вертыкалі і гарызанталі, вызначаецца ў напрамку, перпендыкулярным ізабары. Звычайна гарызантальны барычны градыент складае 1—3 гПа на 100 км (у трапічных ураганах павялічваецца ў дзесяткі разоў). Замест вертыкальнага барычнага градыенту часта карыстаюцца барычнай ступенню. Ад барычнага градыенту залежаць напрамак і сіла ветру.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАПТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, карты надвор’я,

геаграфічныя карты, на якія лічбамі і ўмоўнымі знакамі наносяць вынікі адначасовых назіранняў за надвор’ем, а таксама даныя сінаптычнага аналізу. Адрозніваюць С.к. прыземныя (складаюцца паводле наземных сінаптычных назіранняў) і вышынныя (паводле аэралагічных назіранняў у атмасферы); складаюцца таксама прагнозныя С.к., якія адлюстроўваюць магчымае поле ціску, т-ры, ападкі і інш. з’явы надвор’я на вызначаны тэрмін. На С.к. праводзяць ізабары, пазначаюць размяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, атмасферных франтоў, зоны ападкаў, туманаў і інш. З дапамогай С.к. праводзяцца даследаванні атмасферных працэсаў (сінаптычны аналіз) і прагноз надвор’я. Гл. таксама Сінаптычная метэаралогія.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЦЫКЛО́Н (ад анты... + цыклон),

вобласць павышанага ціску ў атмасферы. Ціск з максімумам у цэнтры дасягае 1025—1070 мб на ўзр. м. У папярочніку ад соцень да 2—3 тыс. км; ахоплівае трапасферу. Вятры накіраваны ад цэнтра да перыферыі антыцыклону, пад уплывам вярчэння Зямлі адхіляюцца ў Паўн. паўшар’і па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. паўшар’і — супраць. Перамяшчаюцца са скорасцю 30—40 км/гадз з З на У, адхіляючыся да нізкіх шырот; некаторыя антыцыклоны маларухомыя.

У антыцыклонах пераважаюць сыходныя токі паветра, пры якіх адбываецца адыябатычнае награванне, таму т-ра на некалькі градусаў вышэй, чым у цыклонах. Аднак у зімовых маларухомых антыцыклонах над кантынентамі ўмераных шырот адбываецца моцнае выстуджванне паветра. Для тэрыторый, занятых антыцыклонамі, характэрны яснае і сухое надвор’е, тэмпературныя інверсіі, слабыя вятры. Узнікаюць антыцыклоны штодзённа, найб. у субтропіках (Азорскі антыцыклон) і над кантынентамі (Антарктычны антыцыклон, Азіяцкі антыцыклон і інш.). Па тэр. Беларусі за год праходзіць 15—16 антыцыклонаў, якія вызначаюць надвор’е каля 150 дзён.

І.​Ю.​Куляшова.

Антыцыклон. Ізабары і прыземныя лініі плыні паветра: а — Паўночнае паўшар’е; б — Паўднёвае паўшар’е.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)