ІВА́Н V Аляксеевіч

(27.8.1666, Масква — 29.1.1696),

рускі цар [1682—89]. Сын Аляксея Міхайлавіча, бацька Ганны Іванаўны. Вызначаўся слабым здароўем (хварэў на цынгу, меў слабы зрок). Пасля смерці бяздзетнага цара Фёдара Аляксеевіча (27.4.1682) Нарышкіны абвясцілі царом малодшага царэвіча Пятра Аляксеевіча. У час Стралецкага паўстання І. V быў пасаджаны на прастол і 26.5.1682 зацверджаны Земскім саборам «першым» царом (яго малодшы брат Пётр I стаў лічыцца «другім» царом). Цараванне І. V было намінальным, да 1689 фактычна правіла царэўна Соф’я Аляксееўна, пасля Пётр I.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Іван V Аляксеевіч 1/286; 3/339; 5/30; 8/430; 9/87, 636

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н VI Антонавіч

(23.8.1740, Пецярбург — 16.7.1764),

намінальны расійскі імператар [1740—41]. Праўнук Івана V, сын Ганны Леапольдаўны (пляменніца Ганны Іванаўны) і герцага Антона Ульрыха Браўншвейгскага. Наследнікам прастола прызначаны 16.10.1740. Пасля смерці Ганны Іванаўны рэгентам пры ім быў Э.Бірон, потым — маці. 25.11.1741 скінуты Лізаветай Пятроўнай, высланы разам з бацькамі, пасля пераведзены ў адзіночную турму, з 1756 — у Шлісельбургскую крэпасць. Забіты пры спробе В.Я.Міровіча вызваліць яго і абвясціць імператарам замест Кацярыны II. Было некалькі самазванцаў, якія выдавалі сябе за І. VI (апошні — у 1788).

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСАЛЫ́ГА (Канстанцін Мікалаевіч) (парт. псеўд. Іван, Воля, Дальні; 30.5.1887, в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці — 9.9.1963),

рэвалюцыянер. Брат Дз.М.Басалыгі. У 1904 вучыўся ў Харкаве. Чл. РСДРП з 1905. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1907 вёў паліт. агітацыю сярод салдатаў на Урале; дэлегат V з’езда РСДРП. Вёў рэв. работу ў Пярмі, Адэсе, Краснадары. У 1915 сасланы ў Омск. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Потым працаваў у Севастопалі, на Стаўраполлі і інш.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.В.Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)