Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́ЦКАЯ ЦАРКВА́ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1742 у в. Вішнявец (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.) як уніяцкая, перабудавана ў 1852 у праваслаўную. Мураваная 3-нефавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2-вежавым гал. фасадам, вырашаным як самаст. аб’ём. Кампазіцыйная вось гал. фасада вылучана какошнікам. Па баках будынак вянчаюць цыбулепадобныя купалкі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены ўнутры і звонку расчлянёны пілястрамі, завершаны развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковым, на гал. фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́БАЎСКІ КАСЦЁЛ ІААНА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1910—19 з чырв. цэглы. Храм 2-вежавы, базілікальнага тыпу з трансептам, 3-граннай апсідай і 2 сакрысціямі. Гал. (зах.) фасад 3-часткавы: цэнтр. частка завершана трохвугольным шчытом, бакавыя ў выглядзе 2-ярусных вежаў, завершаных галоўкамі. У кожнай частцы ўваходны стральчаты праём. Бакавыя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі на 2 ярусы. Вуглы вежаў, трансепта і апсіды фланкіраваны ступеньчатымі контрфорсамі. У інтэр’еры драўляны 2-ярусны разны іканастас св. Яна (19 ст.), ярусы дэкарыраваны карынфскімі калонкамі і ажурнай разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік драўлянага дойлідства позняга барока. Пабудаваны ў 1773 у в.Воўпа біскупам інфлянцкім Янам Непамукам Касакоўскім на месцы касцёла 16 ст. Рэстаўрыраваны ў 1889. Падоўжаны 1-нефавы аб’ём з трансептам у сярэдняй частцы. Гал. фасад 3-часткавы: цэнтр.ч. ў выглядзе неглыбокага рызаліту завершана атыкам і трохвугольным франтонам, бакавыя ўтвораны дзвюма 2-яруснымі вежамі з нізкімі шатровымі дахамі і фігурнымі шпілямі над імі. Прастору нефа замыкае драўляны разьбяны гал. алтар (1-я пал. 17 ст.; спалучае рысы маньерызму і ранняга барока; майстар невяд.), багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой у выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. Фундатар алтара падканцлер Казімір Леон Сапега. У прыбудове размешчаны алтар Маці Божай Ружанцовай (1-я пал. 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЛЕ́ЙКА Фёдар, бел. гравёр па дрэве канца 17 — пач. 18 ст. Прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Аўтар гравюр у кн. «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Часослов сиречь Последованию службы» (1703), выдадзеных у друкарні М.Вашчанкі (Магілёў). Гравюрам Ангілейкі характэрна прастата тэхн. прыёмаў і нескладанасць кампазіцыі, што збліжае іх з творамі нар. мастацтва.
Ф.Ангілейка. «Успенне Багародзіцы». Гравюра на дрэве ў кнізе «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна. Магілёў. 1700.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НДВІЙР ((Randviir) Ційу Аляксандраўна) (н. 10.3.1938, г. Тарту, Эстонія),
эстонская артыстка балета. Нар.арт.СССР (1977). Скончыла Талінскія харэаграфічнае вучылішча (1955, з 1970 выкладае ў ім) і кансерваторыю (1968). З 1955 у т-ры «Эстонія» (цяпер Нац. опера «Эстонія»). Дасканала валодае майстэрствам акад. класічнага танца і лексікай сучаснай харэаграфіі. Сярод партый: Меэліке («Золатапапрадухі» Э.Капа), Дзяўчына, Іаана («Балет-сімфонія», «Іаана тэнтата» Э.Тамберга), Адэта—Адылія, Аўрора, фея Дражэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Раймонда («Раймонда» А.Глазунова), Гаспадыня Меднай гары, Папялушка, Джульета, Прыгажуня («Каменная кветка», «Папялушка», «Рамэо і Джульета», «Блудны сын» С.Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.Караева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЙ,
полацкі князь у ВКЛ. У грамаце, выдадзенай ім каля 1399 манастыру Іаана Прадцечы на валоданне бортнымі землямі на азёрах Сомніца, Лісна і рэках Ула і Нача, назваў сябе вял. князем — адзіны выпадак, калі полацкі князь так тытулаваў сябе. Мяркуецца, што Ануфрый быў апошнім полацкім князем.