Яшчанка Д. В. 2/165

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАДУ́ШАЧКА»,

старажытны бел. нар. гульнявы танец-карагод. Муз. памер 2-дольны. Тэмп умераны, часам павольны. Выконваецца пад прыпеўкі з тыповым зачынам: «Падушачка, падушачка, а ўсё пухавая». Вядома ў розных харэаграфічных варыянтах: карагодным, танцавальным, мяшаным. Пры карагодным варыянце пара салістаў разыгрывае тэкст песні ў цэнтры круга. Для танц. варыянта характэрна пастаянная змена пар і стварэнне новых пар у крузе, інстр. суправаджэнне. Мяшаны варыянт спалучае элементы гульні, танца і карагода. Сцэнічным рэдакцыям танца, створаным балетмайстрамі І.​Хворастам (1940-я г., Бел. ансамбль песні і танца) і Ю.​Сляпнёвым, уласцівы паскарэнне тэмпу, мадэрнізацыя тэксту.

В.​М.​Яшчанка.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГО́Д, каравод, танок,

старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Народны тэатр. Мн., 1983. Гл. таксама арт. Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.

Літ.:

Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;

Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)