БАРБЮ́С ((Barbusse) Анры) (17.5.1873, Аньер, каля Парыжа — 30.8.1935),

французскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1933). Вучыўся ў Сарбоне, дзе абараніў дысертацыю па філасофіі (1894). Стваральнік міжнар. антымілітарысцкага аб’яднання дзеячаў культуры «Клартэ» (1919). Адзін з арганізатараў антыфаш. руху. Літ. дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1890-х г. Зб. вершаў «Плакальшчыцы» (1895) — даніна моднай на той час дэкадэнцкай паэзіі. У раманах «Агонь» (1916, Ганкураўская прэмія 1917) і «Яснасць» (1919) асудзіў 1-ю сусв. вайну. Аўтар зб-каў публіцыстыкі («Святло з бездані», 1919; «Словы барацьбіта», 1920; «З нажом у зубах», 1921) і навел («Мы», 1914; «Падзеі», 1928, бел. пер. «Розныя факты», 1929), рамана «Звёны» (1925), дакументальных кніг «Кáты» (1926), «Расія» (1930, бел. пер. 1931), біягр. аповесці «Заля» (1932) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Огонь;

Ясность;

Правдивые повести. М., 1967.

Літ.:

Анри Барбюс: Биобиблиогр. указ. М., 1964.

А.Барбюс.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУБАРЭ́ВІЧ (Кастусь) (Канстанцін Лявонавіч; 5.1.1907, в. Радучы Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.7.1987),

бел. драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1932). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Бел. радыё, з 1949 — у газ. «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—74 у Мін-ве культуры Беларусі. У 1926 дэбютаваў вершамі і апавяданнямі. Першая кніга — зб. апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І.​Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэв. і ваенна-патрыят. п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадсказначных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я.​Гезіным і К.​Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я.​Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

П’есы. Мн., 1969;

Анютина дорога: Киноповести. Мн., 1980;

Драмы і камедыі. Мн., 1981.

Літ.:

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1972. Кн. 2. С. 86—118;

Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. Мн., 1976. С. 186—192;

Гаробчанка Т. Час вымяраецца здабыткамі // Полымя. 1976. № 12;

Колос Г. Его писательская ясность // Неман. 1987. № 5.

І.​У.​Саламевіч.

К.Губарэвіч.

т. 5, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)