Ярэміч Ф. 3/85

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.​І.​Эпімах-Шыпіла, Ч.​І.​Родзевіч, А.​П.​Ярэміч, У.​Ф.​Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.​С.​Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.​І.​Мігай, сакратар Э.​А.​Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел. с.-д. рабочай партыі (А.​Р.​Чарвякоў, А.​Х.​Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.

В.​У.​Скалабан.

Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.

т. 2, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПАСО́ЛЬСКІ КЛУБ (БПК),

нацыянальная пасольская (дэпутацкая) фракцыя ў сейме Польскай Рэспублікі ў 1922—28 і 1928—30. Пасля выбараў 5.11.1922 у БПК уваходзілі 11 паслоў, якія прадстаўлялі Бел. с.-д. партыю (А.​Аўсянік, П.​В.​Мятла, Б.​А.​Тарашкевіч, Ф.​Ярэміч), Бел. хрысціянскую дэмакратыю (А.​В.​Станкевіч), партыі бел. эсэраў (С.​Баран, У.​Каліноўскі, С.​Якавюк), незалежных сацыялістаў (С.​А.​Рак-Міхайлоўскі), а таксама беспартыйныя М.​С.​Кахановіч, В.​Ц.​Рагуля. Тактыку і структуру БПК распрацаваў А.​І.​Луцкевіч. БПК адстойваў сац. і нац. правы бел. народа, займаў становішча апазіцыі ў польскай дзярж. палітыцы, быў салідарны з інш. нац. меншасцямі ў нац. справах і з усімі дэмакр. сіламі Польшчы ў сац. справах. Вызначаўся сваёй паліт. неаднароднасцю. Левае крыло БПК супрацоўнічала з камуністамі і 24.6.1925 стварыла асобны клуб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пасля выбараў 4.3.1928 з прадстаўнікоў Бел. хрысціянскай дэмакратыі і Бел. сял. саюза ўтвораны БПК, які выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе бел. рух. Дзейнічаў паралельна з пасольскім клубам «Змаганне».

А.​М.​Сідарэвіч.

Беларускі пасольскі клуб. Сядзяць (злева направа): у 1-м радзе — А.​Аўсянік, Ф.​Ярэміч, П.​Валошын; у 2-м радзе — В.​Багдановіч, М.​Кахановіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Назарэўскі, А.​Уласаў; стаяць: В.​Рагуля, С.​Якавюк, А.​Станкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, П.​Мятла. Варшава. 1923.

т. 2, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З (БСС),

бел. нац. партыя парламенцкага тыпу ў Зах. Беларусі ў 1925—29. Створана ў Вільні бел. пасламі ў польскім сейме В.​Ц.​Рагуляй і Ф.​Ярэмічам у процівагу Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе. Адбыліся 1-я (24.3.1926, прынята праграма і абраны ЦК) і 2-я (ліп. 1927) канферэнцыі. У ЦК БСС увайшлі Рагуля, Ярэміч (старшыні), А.​Більдзюкевіч, Б.​Туронак (віцэ-старшыні). Цэнтр. орган — газ. «Сялянская ніва». БСС выступаў за падзел памешчыцкіх зямель, самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную бел. рэспубліку, і інш. Разам з Бел. хрысціянскай дэмакратыяй стварыў Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры. Распаўся ў пач. 1929.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК НАЦЫЯНА́ЛЬНЫХ МЕ́НШАСЦЯЎ,

аб’яднанне паліт. партый і арг-цый нац. меншасцяў у Польшчы ў 1922—28. Створаны для сумеснай дзейнасці напярэдадні выбараў у сейм і для работы ў ім. У блок уваходзіў і Беларускі цэнтральны выбарчы камітэт. На выбарах у сейм у 1922 атрымаў 1398 тыс. (16%) галасоў, 66 пасольскіх і 22 сенатарскія мандаты. У Зах. Беларусі за кандыдатаў блока было аддадзена 286 тыс. (28%) галасоў. Па спісе блока ў сейм прайшлі 11 дэпутатаў-беларусаў, у сенат — 3 сенатары (А.​Аўсянік, В.​Багдановіч, С.​Баран, У.​Каліноўскі, М.​Кахановіч, П.​Мятла, А.​Назарэўскі, В.​Рагуля, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч, Б.​Тарашкевіч, А.​Уласаў, С.​Якавюк, Ф.​Ярэміч) і ўтвораны Беларускі пасольскі клуб.

т. 3, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ (БІГіК),

арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.​Станкевіч, Ф.​Ярэміч, В.​Багдановіч, У.​Казлоўскі, В.​Рагуля, В.​Гадлеўскі, А.​Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэнне с.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦК КПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.

У.​Ф.​Ладысеў.

Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)