Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІ ПРЫРО́ДНЫ ПАРК,
у Івана-Франкоўскай вобл., Украіна. Засн. ў 1980 для аховы ляснога горнага масіву Чарнагора, стварэння ўмоў для адпачынку, турызму, правядзення навук. даследаванняў. Пл. 50,3 тыс.га. Размешчаны на схілах Укр. Карпат, у бас. рэк Прут і Чарамош. У запаведную зону парку ўваходзяць Высакагорнае і Гавярлянскае лясніцтвы — участак Карпацкага запаведніка. Маляўнічыя ландшафты з лясамі, паланінамі, высакагорнымі азёрамі. Раёны г.Ярэмча і горнакліматычнага курорта Варохта — зоны адпачынку і турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУТ,
рака на Украіне, часткова служыць мяжой паміж Малдовай і Румыніяй, левы прыток р. Дунай. Даўж. 967 км, пл. басейна 27,5 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схілах хр. Чарнагора (Усх. Карпаты). Да г. Чарнаўцы цячэ ў глыбока ўрэзанай даліне, ніжэй даліна расшыраецца (да 10 км каля г. Леова). Рэчышча звілістае, месцамі парожыстае. Веснавое разводдзе, частыя летне-асеннія паводкі, павышаны зімовы сцёк (ад адліг і дажджоў). Сярэдні расход вады каля г. Леова 69,2 м³/с. Вадасх. Касцешць-Стынка. Суднаходны да г. Леова. На П. гарады Ярэмча, Каламыя, Снятын, Чарнаўцы, Наваселіца (Украіна), Унгень, Леова (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл.Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 1467 тыс.чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г.Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.
Прырода. Каля 1/2тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, частка Карпацкага запаведніка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс.га, у т. л. пад ворывам 414 тыс.га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.