ЯЎРЭ́ЙСКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ЯНРП),
арганізацыя яўрэйскіх рамесных рабочых і прыказчыкаў. Засн. ў ліп. 1901 у Мінску прыхільнікамі «паліцэйскага сацыялізму» М.У.Вільбушэвіч, Ю.А.Воліным, А.Чамярыскім, Г.І.Шаевічам і інш. Створана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам нач. Маск. ахоўнага аддзялення С.В.Зубатава з мэтай барацьбы супраць сацыял-дэмакратаў, эсэраў і Бунда, за поўнае адмаўленне яўр. рабочых ад рэв. барацьбы супраць царызму. Мела аддзяленні ў Адэсе, Вільні, Гродне. Члены ЯНРП разглядалі самадзяржаўе як надкласавую форму кіравання, арганізоўвалі культ. мерапрыемствы, касы ўзаемадапамогі, асв. клубы, лекцыі і інш.
У канцы 1901 у ЯНРП перайшлі 15 з 20 цэхавых саюзаў Мінскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда. З дапамогай нач. Мінскага губ. жандарскага аддзялення палк. Васільева яны прымусілі прадпрымальнікаў слясарных майстэрняў Мінска ўвесці 12-гадзінны рабочы дзень. ЯНРП актыўна супрацоўнічала з сіяністамі, выступала за ізаляцыю яўрэяў ад агульнарас. рабочага руху. Вясной 1903 у сувязі з уздымам паліт. рабочага руху царскі ўрад пачаў ліквідацыю легальных рабочых арг-цый, створаных Зубатавым. ЯНРП забаронена ў жн. 1903. Вільбушэвіч пераехала ў ЗША, потым у Палесціну, дзе была актыўным дзеячам сіянісцкага руху. Шаевіч пасля арганізацыі ў крас. 1903 забастоўкі на чыгуналіцейным з-дзе «Растэль» у Адэсе ў ліпені сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір.
Літ.:
Бухбиндер Н.А. Зубатовщина и рабочее движение в России. Мн., 1926;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.
М.В.Біч, Э.А.Ліпецкі.
т. 18, кн. 1, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬБУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна (Вульфаўна; 1879, г. Гродна — ?),
удзельніца яўр. рабочага і сіянісцкага руху на Беларусі. З канца 1890-х г. чл. мінскага гуртка Бунда. 7.3.1900 арыштавана. У час допытаў нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым трапіла пад уплыў яго тэорыі аб магчымасці легальнага рабочага руху (гл. Зубатаўшчына). У жн. 1900 вызвалена. Займалася прапагандай зубатаўскіх ідэй у Гродне і Мінску. Адна з заснавальнікаў Яўр. незалежнай рабочай партыі (ЯНРП; чэрв. 1901). Пастаянна інфармавала Дэпартамент паліцыі і Зубатава пра ўсе падрабязнасці руху. Пасля ліквідацыі ЯНРП (1903) уступіла ў гурток рабочых-сіяністаў («Паалей Цыён»). З 1904 у Швейцарыі, потым у ЗША, Палесціне.
М.А.Сакалова.
т. 4, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)