рэчывы палавых клетак, якія ўдзельнічаюць у працэсах асемянення і апладнення. Вылучаны амер. вучоным Ф.Лілі ў 1912—21. Знойдзены ў водарасцей, грыбоў, многіх жывёл (у т. л. чарвей, малюскаў, ігласкурых). Паводле хім. прыроды падзяляюцца на ўласна гамоны (відаспецыфічныя, павышаюць рухомасць сперматазоідаў), глікапратэіны (забяспечваюць узаемадзеянне са спецыфічнымі паверхневымі рэцэптарамі палавых клетак, выклікаюць аглюцінацыю сперміяў), лізіны (выдзяляюцца пры акрасомнай рэакцыі). Адрозніваюць жаночыя гамоны, або гінагамоны (гінагамон І, гінагамон II, яйцавы антыферылізін), і мужчынскія гамоны, або андрагамоны (андрагамон І, андрагамон II, андрагамон III, спермалізіны — рэчывы, які раствараюць абалонкі яйца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К
(ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,
агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.
Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.
Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.