Рэакцыя сінтэзу ядраў, гл. Тэрмаядзерныя рэакцыі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Ізамерыя атамных ядраў 5/53; 9/34

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЛІ Я́ДРАЎ,

гл. ў арт. Ядзерныя мадэлі.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,

працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.

Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.​Ган і Ф.​Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.​М.​Флёравым і К.​А.​Петржакам (1940).

А.​В.​Берастаў.

Паслядоўныя стадыі дзялення ядра.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМЕРЫ́Я А́ТАМНЫХ Я́ДРАЎ,

існаванне ў некаторых атамных ядрах узбуджаных (метастабільных) станаў з адносна вял. часам жыцця. Некаторыя ядры маюць некалькі ізамерных станаў з розным часам жыцця і рознымі фіз. ўласцівасцямі, напр., радыеактыўны ізатоп бром-80 мае ў няўзбуджаным стане перыяд паўраспаду 17,6 мін, у ізамерным — 4,4 гадз.

Эксперыментальна выяўлена О.Ганам (1921), даследавана І.В.Курчатавым (1935). Выклікана малой энергіяй узбуджэння і значным адрозненнем спінавых квантавых лікаў ядра ў метастабільных станах (гл. Адбору правілы). Распад ізамераў суправаджаецца выпрамяненнем электронаў унутр. канверсіі (энергія ўзбуджэння перадаецца аднаму з электронаў гэтага ж атама) ці гама-квантаў і ў выніку атрымліваецца тое ж ядро ў стане з меншай энергіяй; часам больш імаверны бэта-распад (напр., у пратактынію-234).

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ядзерная ізамерыя, гл. Ізамерыя атамных ядраў

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА-РАСПА́Д,

α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл. Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.​Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10​−7 с (для ​212Po) да 10​17 гадоў (для ​204Pb).

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),

уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.​А.​Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.

Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м​1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.

Літ.:

Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;

Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.

Э.​А.​Рудак.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬФА-СПЕКТРО́МЕТР,

прылада для вымярэння энергетычнага размеркавання альфа-часціц. У магнітным альфа-спектрометры α-часціцы праходзяць у вакууме праз магн. поле, перпендыкулярнае напрамку іх руху, адхіляюцца на розныя вуглы ў залежнасці ад іх энергіі і збіраюцца ў розных месцах калектара. Маюць высокую раздзяляльную здольнасць і малую святласілу; выкарыстоўваюцца для даследавання ядраў з перыядам паўраспаду T1/2 < 10​5 ÷ 10​6 гадоў. Іанізацыйны альфа-спектрометр — іанізацыйная камера; выкарыстоўваецца для даследавання ядраў з T1/2 < 10​6 гадоў і ядраў новых элементаў.

Схема руху альфа-часціц з рознай энергіяй у магнітным альфа-спектрометры (магнітнае поле перпендыкулярнае плоскасці чарцяжа).

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАМАГНІ́ТНЫЯ АДНО́СІНЫ,

адносіны магнітнага моманту мікрааб’ектаў (электронаў, пратонаў, атамных ядраў і інш.) да іх моманту імпульсу (мех. моманту).

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)