ГА́ННА ЯГЕЛО́НКА (Anna Jagiellonka; 18.10.1523, г. Кракаў, Польшча — 9.9.1596),

каралева Польшчы і вял. княгіня ВКЛ (1575—76). Дачка Жыгімонта I Старога і Боны Сфорцы, сястра Жыгімонта II Аўгуста, жонка Стафана Баторыя. Пасля смерці ў 1572 апошняга з дынастыі Ягелонаў Жыгімонта II Аўгуста шляхта абавязала будучага караля ўзяць шлюб з Ганнай Ягелонкай. У перыяд бескаралеўя 1575 абвешчана каралевай, у мужы ёй прызначаны Стафан Баторый; шлюб заключаны ў 1576. Аўдавеўшы ў 1585, Ганна Ягелонка дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка Жыгімонта III Вазы. Апекавала Кракаўскую акадэмію, падтрымлівала цесныя сувязі з папскім нунцыем і езуітамі (Пётр Скарга). У якасці спадчыны валодала Кобрынскай эканоміяй, дала гарадам эканоміі Кобрыну і Гарадцу магдэбургскае права і гербы. У 1589 асабіста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны каралём.

І.​А.​Масляніцына.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,

феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс. дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)