Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДА́РЫНА (Зінаіда Аляксандраўна) (11.10.1909, г. Гродна — 16.4.1959),
бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі бел.пед. тэхнікум (1927), Ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1933). Настаўнічала ў бел. школе ў сібірскім пас. Медзякова (1927—28). Працавала ў бел.перыяд. друку. У 1948—50 заг. філіяла музея Я.Купалы ў Вязынцы. Друкавалася з 1926. Аўтар зб. вершаў «Веснацвет» (1931), зб. апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960), аповесцяў «Шуміць тайга» (1928), «Дыпломная работа» (1953), «Галіна Ільіна» (1959, апошнія дзве на рус. мове). Аповесць «Ой, рана на Івана...» (1956) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЙБЕР, Нейбер (Neuber) Фрыдэрыка Караліна (9.3.1697, г. Райхенбах, Германія — 30.11.1760), нямецкая актрыса, рэфарматар ням.т-ра. З 1717 выступала ў прыдворных т-рах Дрэздэна, Гановера, Гамбурга. У 1727—50 узначальвала ўласную трупу ў Лейпцыгу. Актрыса шырокага дыяпазону. Іграла ў трагедыях П.Карнеля і Ж.Расіна, камедыях (часта імправізацыйных); была першай ням. травесці. Імкнулася да пераўтварэння рэпертуару, выступала супраць грубага натуралізму, перабольшаных пафасу і буфанады, заклікала да адмовы ад імправізацыі, да ўмоўнасці акцёрскага выканання (дэкламацыі). Ставіла франц. класіцыстычныя трагедыі, асветніцкія драмы і літ. камедыі, юнацкія камедыі Г.Лесінга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙНСБАРА ((Gainsborough) Томас) (хрышчаны 14.5.1727, г. Садберы, графства Суфалк, Вялікабрытанія — 2.8.1788),
англійскі жывапісец-партрэтыст і рысавальшчык. Раннія пейзажы і партрэты адзначаны непасрэднасцю ўспрыняцця натуры, крыху наіўным паэт. зачараваннем («Партрэт Р.Эндруса з жонкай», каля 1749). Сталы стыль склаўся пад уплывам А. ван Дэйка і А.Вато, характарызуецца адухоўленай трапяткой узнёсласцю ў перадачы найтанчэйшых душэўных пачуццяў. Найб. пранікнёныя і вытанчаныя яго жаночыя і юнацкія вобразы («Блакітны хлопчык», каля 1770, «Партрэт місіс Грэм», 1777, «Дама ў блакітным», канец 1770-х г.), парныя і сямейныя партрэты на фоне ідылічнага ландшафту, дзе мастак тонка перадае духоўную і інтымную блізкасць людзей («Дочкі мастака», каля 1759; «Ранішняя прагулка», 1785). Вельмі лірычныя вобразы сял. дзяцей («Сялянскія дзеці», 1787). Яго жывапіснай тэхніцы ўласцівы віртуозная лёгкасць, тонкая святлоценявая гульня, перавага халодных блакітных тонаў з мяккімі перламутравымі пералівамі фарбаў. У яго малюнках дамінуюць пейзажы і сцэны сял. жыцця, напоўненыя паэзіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДУ́ЧЫ ((Carducci) Джазуэ) (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),
італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысарджымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.Петрарку, Дж.Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЯ́БРСКІ,
гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс.ж.
Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.
Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкіяспарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ДАЎКІ,
дабраякасныя пухлінападобныя невял. нарасты на скуры, якія ўзнікаюць ад разрастання сасочкавага і рагавога яе слоя. Выклікаюцца вірусам папіломы чалавека, што перадаецца пры кантакце і праз рэчы. Скрыты перыяд 2—5 месяцаў. Бываюць звычайныя, плоскія (юнацкія), востраканцовыя, старэчыя і інш.
Звычайныя (простыя) бародаўкі — бязбольныя вузельчыкі памерам ад шпілечнай галоўкі да гарошыны, з дробнымі сасочкамі або варсінкамі. Пры зліцці ўтвараюць гузаватыя бляшкі. Найб. часта бываюць на кісцях і пальцах рук. Разнавіднасць іх — падэшвенныя бародаўкі на падэшвах ступні. Шчыльныя, арагавелыя, жоўтага колеру, дыяметрам 10—20 мм, вельмі балючыя пры націсканні і хадзе. Плоскія бародаўкі — дробныя вузельчыкі дыяметрам 0,5—3 мм, бледна-ружовага або жаўтавата-карычневага колеру, з плоскай гладкай паверхняй або з дробнымі лускавінкамі. Узнікаюць у дзіцячым і юнацкім узросце на твары, шыі, тыльнай паверхні кісці. Востраканцовыя бародаўкі — сасочкападобныя вузельчыкі ружовага колеру, якія развіваюцца на палавых органах, у пахвінных і між’ягадзічных складках. Старэчыя бародаўкі — шаравата-жоўтыя нарасты на скуры жывата, спіны, грудзей. Развіваюцца ў пажылых людзей. Лячэнне: пры звычайных і юнацкіх выкарыстоўваюць псіхатэрапію, пры звычайных, старэчых і плоскіх — прыпальванне, дыятэрмакаагуляцыю, аўтагематэрапію, крыятэрапію; падэшвенныя бародаўкі ліквідуюць увядзеннем пад аснову раствору навакаіну, востраканцовыя — хірургічна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.Панчанка, Р.Барадулін, К.Буйло, А.Вялюгін, Е.Лось, П.Прыходзька, С.Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.Ванаг, П.Гарэцкі, А.Грашы, Р.Лубкіўскі, Л.Хаўстаў, А.Юшчанка), англ. і балг. (У.Мэй, А.Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.Бельскі, Р.Віткоўскі, С.Каткоў, А.Кроль, М.Купава, У.Пашчасцеў, І.Пратасеня, І.Рэй, К.Харашэвіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],
двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).
Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.М.Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.Драйз і Ф.М.Фішэр, шатландзец Г.Далзел, англічанін Трэфу, французы П.Лалеман і М.Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.Б.Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл.вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл.Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.
Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).