Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАКА́ЛЫ (Canis),
млекакормячыя жывёлы роду ваўкоў сям. воўчых атр. драпежных. 4 віды Ш.: азіяцкі, ці звычайны (C. aureus), паласаты (C. adustus), чапрачны (C. mesomelas), эфіопскі (C. simensis). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд., Цэнтр. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Амерыцы, Усх. і Паўд. Афрыцы. Жывуць у зарасніках, часта каля населеных пунктаў. Эфіопскі Ш. занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела да 85 см, хваста — да 36 см, маса да 13 кг. Падобныя на ваўка, але драбнейшыя, з карацейшым хвастом і вузкай, завостранай мордай. Ногі тонкія, вушы стаячыя, злёгку закругленыя. Хвост кароткі, тоўсты і пушысты. Нараджае 4—9 шчанят. Амаль усёедныя, кормяцца грызунамі, птушкамі, змеямі, мярцвячынай, пладамі, ягадамі. Шкодзяць паляўнічай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс.італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ А́ФРЫКІ У Афрыцы жыве каля 760 млн.чал. (ацэнка на пач. 1998). У расавых адносінах насельніцтва неаднароднае Прадстаўнікі негроіднай расы (каля 55% усяго нас.) жывуць на Пд ад Сахары. Блізкія да негроідаў маларослыя плямёны трапічных лясоў — пігмеі (каля 400 тыс.чал.). На Пд кантынента ў самастойную расавую групу вылучаюць бушменаў (сан) і гатэнтотаў (кой-каін; разам каля 175 тыс.чал.). Да еўрапеоіднай расы (каля 25% нас. Афрыкі) адносяцца арабскія і берберскія народы на Пн, якія ўваходзяць у паўд. адгалінаванне гэтай расы, і нашчадкі эмігрантаў з Еўропы (найб. у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, ПАР; каля 15% яе нас.). На ПнУ, у зоне кантактаў паміж негроідамі і паўд. еўрапеоідамі, яшчэ ў старажытнасці склаўся эфіопскі расавы тып; мяшаныя формы (т.зв. пераходныя і мяшаныя групы Судана) характэрныя і некаторым інш. народам на паўд. межах Сахары (фульбе, тубу, кануры і інш.). У выніку змяшання ў 17—19 ст. на Пд Афрыкі афрыканераў (бураў) і англічан з карэннымі жыхарамі ўтварыліся т.зв. каляровыя (больш за 3 млн.чал.). Усяго мяшанага еўрапеоідна-негроіднага насельніцтва каля 20%. Мальгашы на в-ве Мадагаскар належаць да паўд. адгалінавання мангалоіднай расы.
Афрыку насяляе больш за 1 тыс. народаў і буйных плямён. У канцы 20 ст. ў многіх раёнах кантынента сфарміраваліся і фарміруюцца новыя народнасці і нацыі з родаплемянных і лакальных этн. груп. 198 народаў налічваюць больш за 500 тыс.чал. кожны, іх агульная колькасць 664,7 млн.чал., або 87,5% усяго насельніцтва Афрыкі. З іх 6 народаў больш за 20 млн.чал. (егіпецкія арабы, або егіпцяне, — 54,2, хаўса — 30,8, іаруба — 26,2, фульбе — 23, ігба — 21,6, алж. арабы, або алжырцы, — 21,2) і 21 народ большы за 5 млн.чал. (мараканскія арабы, або мараканцы, — 19,4, арома, або гала, — 19, суданскія арабы, або суданцы, — 15, малагасійцы — 12,8, берберы Магрыба — 12, самалі — 10,3, малаві — 9,4, конга — 9,2, шона — 8,7, макуа — 8,5, руанда — 8,3, зулу — 8,2, коса — 7,4, луба — 7,2, рундзі — 7,2, ібібіо — 6,8, туніскія арабы, або тунісцы, — 6,3, луа — 6,1, кікую — 6, тыграі — 6, тсонга — 5,3). Найб. разнастайны этн. склад у Судане, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Нігерыі, Танзаніі, Кеніі, ПАР, Камеруне, Эфіопіі, Гане і Угандзе. Большая частка насельніцтва Афрыкі (каля 690 млн.чал., або 91%) належыць да дзвюх моўных сем’яў: семіта-хаміцкіх моў (афразійскіх моў) і нігера-кардафанскіх моў (конга-кардафанскіх моў). Народы семіта-хаміцкай моўнай сям’і (уваходзяць семіцкая, кушыцкая, чадская і берберская групы) расселены пераважна на Пн, ПнУ і часткова на З Афрыкі (каля 290 млн.чал., 38% нас. Афрыкі). На арабскай мове (належыць да семіцкіх моў) гавораць егіп., алжырскія, мараканскія, суданскія, туніскія і лівійскія арабы, маўры Зах. Сахары і інш. (усяго каля 137 млн.чал.), на інш. семіцкіх мовах — амхара, тыграі, гураге, тыгрэ (разам 30,8 млн.чал., усе — аснова эфіопскай нацыі, жывуць часткова ў Эрытрэі і Судане). Народы кушыцкай групы (больш за 35 млн.чал.) — арома, самалі, беджа, камбата, афар жывуць пераважна на У Эфіопіі і ў Самалі, асобныя невял. народы — у Судане, Эрытрэі, Кеніі, Танзаніі. Народы чадскай групы, якую раней па найб. народзе называлі групай хаўса (больш за 35 млн.чал. — хаўса, бура, мандара, бадэ і інш.), расселены на Пн Нігерыі, у Нігеры, у раёнах на Пд і У ад воз. Чад. Берберамоўнае насельніцтва (каля 27 млн.чал. — берберы разам з кабіламі, рыфамі, шавія і інш., а таксама туарэгі), якое раней было пашырана ў Паўн. Афрыцы, цяпер жыве ў горных раёнах Марока, Алжыра і Туніса, у асобных раёнах Сахары. Амаль уся трапічная Афрыка на Пд ад Сахары і пояса саваннаў, у т. л.Цэнтр., Усх. і Паўд., заселена народамі нігера-кардафанскай моўнай сям’і (каля 400 млн.чал., 53% насельніцтва кантынента). Падзяляецца на 2 групы: нігер-конга і кардафанскую. У моўную групу нігер-конга ўваходзіць больш за 99% носьбітаў моў гэтай сям’і, яна падзяляецца на 6 падгруп: бенуэ-конга, ква, зах.-атлантычная, гур, мандэ, адамаўа-ўсходняя. Пераважная частка трапічнай і Паўд. Афрыкі населена народамі падгрупы бенуэ-конга. Каля 90% іх колькасці на Пд ад 6°паўн. ш. прыпадае на народы банту (больш за 200 млн.чал.). Найб. народы малаві, конга, шона, макуа, руанда, зулу, коса, рундзі, кікую, тсонга, тсвана, лух’я, монга, ньямвезі, суто, ганда, авімбунду, фанг, камба. На У Афрыкі разам з інш. мовамі банту вельмі пашырана ў якасці мовы міжнац. зносін мова суахілі, якой акрамя народа суахілі (2,4 млн.чал.) карыстаецца каля 60 млн.чал. У прыморскіх раёнах Зах. Афрыкі ад Ліберыі да Нігерыі пашыраны мовы падгрупы ква (больш за 92 млн.чал.), найб. народы — іаруба, ігба, ашанці, біні, эве, фон, бетэ, іджа, фанці, аньі, бауле, нупе і інш. У Зах. Афрыцы на Пн ад народаў падгрупы ква насельніцтва гаворыць пераважна на мовах зах.-атл. падгрупы (каля 36 млн.чал.), падгрупы гур, або вальтыйскай (каля 15 млн.чал.) і падгрупы мандэ (каля 16 млн.чал.). Найб. народы зах.-атл. падгрупы — фульбе і валоф, падгрупы гур — мосі, сенуфа, гурма; падгрупы мандэ — малінке, бамбара, мендэ, санінке, сусу. Пераважна ў Цэнтральнаафр. Рэспубліцы і на ПнДэмакр. Рэспублікі Конга жывуць народы адамаўа-ўсходняй падгрупы (каля 8,5 млн.чал.) — зандэ, банда, гбайя і інш. На Пд Сахары, ва Усх. Судане, у басейне верхняга цячэння р. Ніл, часткова ў Кеніі, Танзаніі і Угандзе жывуць народы ніла-сахарскай сям’і (каля 38,5 млн.чал., 5% нас. Афрыкі). Вылучаюць 6 моўных груп, найб. колькасць мае шары-нільская група (больш за 28 млн.чал.); найб. народы — луа, дзінка, календжын, нубійцы, тэса, нуэр, ланга, мору-мангбету, сара. З інш. груп гэтай моўнай сям’і вылучаюцца народы кануры і сангай. Востраў Мадагаскар і суседнія астравы насяляюць мальгашы — прадстаўнікі зах.-аўстранезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў. Пустыню Калахары і суседнія раёны насяляюць гатэнтоты (кой-каін) і бушмены (сан), іх мовы складаюць кайсанскую сям’ю моў. Насельніцтва еўрап. паходжання — афрыканераў (бураў), англаафрыканцаў, англічан, іспанцаў, партугальцаў, французаў, італьянцаў, грэкаў і інш. каля 12 млн.чал. (1,6% нас. кантынента). Найбольш іх у ПАР. Там жывуць і групы еўрап.-афр. метысаў (т.зв. каляровыя), якія гавораць на афрыканерскай і англ. мовах. Іх крыху больш за 3 млн.чал. На Канарскіх а-вах жывуць іспанцы (каля 1,5 млн.чал.), на в-ве Мадэйра — партугальцы (каля 0,3 млн.чал.). На Пд і У Афрыкі жывуць групы выхадцаў з Індыі і Пакістана. Ураджэнцы Еўропы і п-ва Індастан складаюць большасць насельніцтва Маскарэнскіх і некаторых інш. дробных астравоў. У Афрыцы ёсць невял. групы выхадцаў з Кітая, Інданезіі, араб. краін Азіі.
Больш за 41% вернікаў у Афрыцы вызнаюць іслам, 48% — хрысціянства, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Мусульмане-суніты складаюць абсалютную большасць насельніцтва (больш за 85%) у 12 краінах пераважна на Пн Афрыкі: у араб. краінах, Маўрытаніі, Малі, Нігеры, Самалі, Гамбіі, Джыбуці. Каля 30—50% насельніцтва — мусульмане, жывуць у Нігерыі, Эфіопіі, Танзаніі, Кот-д’Івуары, Буркіна-Фасо, Чадзе, Сьера-Леоне. У 26 краінах Зах., Цэнтр., Усх. і Паўд. Афрыкі большасць вернікаў — хрысціяне. Яшчэ ў 11 краінах іх ад 20 да 50%. Больш за 85% насельніцтва хрысціян у Рэспубліцы Каба-Вердэ, Дэмакр. Рэспубліцы Конга, Лесота, Экватарыяльнай Гвінеі, Бурундзі, Намібіі, Габоне, Рэспубліцы Конга, Анголе. У Нігерыі 50% насельніцтва — хрысціяне, пераважаюць на Пд, у Эфіопіі — 58%, пераважна монафісіты, жывуць на З і Пн, у ПАР 73%. Сярод хрысціян прыкладна па 40% католікаў і пратэстантаў, астатнія монафісіты і праваслаўныя, а таксама прыхільнікі незалежных хрысц.афр. цэркваў і сектаў. Традыц. вераванні пашыраны сярод значнай часткі карэннага насельніцтва на Пд ад Сахары, асабліва ў Ліберыі, Буркіна-Фасо, Цэнтр.-Афр. Рэспубліцы, Конга, Зімбабве, Замбіі. У Афрыцы жыве каля 1,5 млн. індуістаў, ёсць групы будыстаў, канфуцыянцаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭФІО́ПІЯ, Федэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Эфіопія,
дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на З з Суданам, на Пд з Кеніяй, на ПдУ і У з Самалі, на У з Джыбуці, на ПнУ з Эрытрэяй. Пл. 1127,1 тыс.км². Нас. 67 673 тыс.чал. (2002). Афіц. мова — амхарская. Сталіца — г.Адыс-Абеба. Кра ша падзяляецца на 9 штатаў і 2 прывілеяваныя гарады. Нац. свята — Дзень устанаўлення міру і дэмакратыі (28 мая).
Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Надзелены прадстаўніцкімі функцыямі. Заканад. ўлада належыць ніжняй палаце парламента (Федэральнага сходу; выбіраецца на 5 гадоў), — Савету нар. дэпутатаў (548 дэпутатаў, выбраны на шматпартыйных выбарах). Верхняя палата — Савет федэрацыі (155 дэпутатаў, выбраны мясц. органамі ўлады). Парламент выбірае прэм’ер-міністра і зацвярджае склад урада.
Прырода. Большую ч.тэр. Э. займае Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн у гарах Сымен, выш. 4623 м — найвыш. пункт краіны), на ПдУ — Эфіопска-Самалійскае плато, якое аддзелена ад нагор’я Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмай. Характэрна павышаная сейсмічнасць. Карысныя выкапні: каменная і калійная солі, плаціна, тантал, золата, медзь, азбест, сера, марганцавыя руды, нафта і прыродны газ. Клімат на Пн трапічны пустынны і паўпустынны, на астатняй ч. субэкватарыяльны, гарачы і сезонна вільготны. Для Эфіопскага нагор’я характэрна вышынная кліматычная пояснасць; сярэднямесячныя т-ры 15—26 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 150—600 мм на раўнінах да 1500—1800 мм у гарах. Дажджы выпадаюць з ліп. па верасень. Упадзіна Афар — адно з самых гарачых месц на Зямлі. Частыя засухі. Рачная сетка густая на Эфіопскім нагор’і (Блакітны Ніл з прытокамі, Ома і інш.), рэдкая на засушлівых плато (Вебі-Шэбелі). Шмат азёр; найб. — Тана (пл. больш за 3 тыс.км²). Пераважаюць чырвона-бурыя і чырвоныя глебы, у гарах — горна-лясныя карычневыя і горна-лугавыя. Каля 1/3тэр. занята хмызняковымі пустынямі і паўпустынямі, на У — апустыненыя саванны, на ПдЗ у далінах рэк і ў гарах на выш. 1700—1800 м дажджавыя трапічныя лясы з дзікарослымі кафейнымі дрэвамі. На зах. і паўд.-зах. схілах нагор’я — вышынная пояснасць ландшафтаў. Жывёльны свет багаты і разнастайны: антылопы, буйвалы, зебры, гіпапатамы, сланы, ільвы, леапарды, малпы, кракадзілы; шмат птушак, у т. л. страус. Нац. паркі Аваш, Сымен, Ома, Фасіл Гебі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. У складзе насельніцтва каля 80 этн. груп. Асн. насельніцтва — арома (40%), амхара і тыгрэ (32%). Жывуць таксама сідама (9%), шанкела (6%), самалі (6%), афар (4%). Пашыраны семіта-хаміцкія мовы. У гарадах жывуць армяне, арабы, грэкі, індыйцы, пакістанцы. Сярод вернікаў мусульман 45—50%, хрысціян-монафізітаў 35—40%, прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 12%. Сярэднегадавы прырост 2,3%. Сярэдняя шчыльнасць 60 чал. на 1 км². Найб. шчыльна населены цэнтр. і ўсх. раёны Эфіопскага нагор’я. Гар. насельніцтва 17%. Найб. гарады (тыс.ж.): Адыс-Абеба (2753; 2002), Дырэ-Дауа (173,6), Харэр (162,6), Гондэр (146,8), Назрэт (131,6), Мэкэле (107,7; 1993). У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і буд-ве — 8%, у сферы паслуг — 12%).
Гісторыя. На тэр. Э. знойдзены рэшткі стараж. продкаў чалавека. Найб.стараж. насельніцтвам краіны былі кушыты — продкі сучасных народаў агаў, арома, самалі і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачалося перасяленне з Паўд. Аравіі на Пн Э. плямён семітаў. ад назвы аднаго з якіх пайшла першапачатковая назва краіны — Хабаш. больш вядомая еўрапейцам у скажонай форме як Абісінія. Нашчадкі гэтых плямён у пач. 1-га тыс.н.э. стварылі Аксумскае царства. якое займала паўн.ч. Э. і тэр. сучаснай Эрытрэі. У 5 ст.дзярж. рэлігіяй Аксумскага царства (а надалей і яго пераемніцы — Эфіопскай дзяржавы) стала хрысціянства монафізіцкага кірунку (гл.Монафізіцтва). З пач.арабскіх заваяванняў у 7 ст. Аксумскае царства заняпала і распалася. Яго прыбярэжныя раёны былі захоплены арабамі. цэнтр эфіопскай дзяржаўнасці перамясціўся ва ўнутр. частку Эфіопскага нагор’я. На ўзбярэжжы Чырв. мора і ва ўнутр. раёнах краіны ўзніклі мусульм. султанаты Адал, Іфат, Хадзья і інш. Да канца 13 ст.хрысц. вобласці Э. былі аб’яднаны правіцелямі зямлі Шоа — прадстаўнікамі т. зв. Саламонавай дынастыі (прэтэндавалі на паходжанне ад яўр. цара Саламона і царыцы Саўскай). Утварылася Эфіопская дзяржава ў форме імперыі. якую аслабляла непадпарадкаванне цэнтр. уладзе мясц. правіцеляў; спробы ўзмацніць яе пры імператару (негусе негусаў) Зарэ-Якобе [1434—68] мелі толькі часовы поспех. Цяжкія наступствы мелі частыя войны з мусульм. султанатамі; у пач. 16 ст. ўзнікла пагроза з боку Турцыі, якая ўмацавалася на ўзбярэжжы сучаснай Эрытрэі. У 1530-я г. войскі султаната Адал захапілі б.ч. Эфіопскай дзяржавы. але з дапамогай партугальцаў былі выгнаны. З сярэдзіны 17 ст. пасля шэрагу міжусобных войнаў, у т. л. выкліканых спробамі пашырэння ў Э. каталіцтва. адбылася некат. стабілізацыя дзяржавы, але да канца 18 ст. яна зноў распалася на самаст. правінцыі пры захаванні у імператараў намінальнай улады. У сярэдзіне 19 ст. феадал Каса з вобл. Тыгрэ аб’яднаў дзяржаву і абвясціў сябе імператарам Тэадросам II [ 1855—68], але загінуў у вайне з англічанамі. Канчаткова аб’яднанне Э. завершана імператарам Менелікам II (1889—1913). Ён з дапамогай Расіі (сярод яе прадстаўнікоў у Э. важную ролю адыгралі беларусы па паходжанні А.К.Булатовіч і М.С.Лявонцьеў) перамог італьян. агрэсараў у італа-эфіопскай вайне 1895—96. задушыў феад. сепаратызм. правёў грашовую рэформу, распачаў буд-ватэлегр. ліній і чыгункі. У пач. 20 ст. Э. разам з Ліберыяй заставаліся адзінымі незалежнымі краінамі ў Афрыцы. У выніку барацьбы за ўладу пасля смерці Менеліка II у 1916 фактычным правіцелем (рэгентам) Э. стаў Тафары Маконен. які ў 1930 абвясціў сябе імператарам пад імем Хайле Селасіе I [1930—74). У 19.31 прынята першая канстытуцыя Э., якая пацвердзіла абсалютную ўладу імператара. У выніку італа-эфіопскай вайны 1935—36 урад Мусаліні абвясціў Э. часткай калоніі «Італьян.Усх. Афрыка». У 1940—41 Э. вызвалена брыт. войскамі і эфіопскімі партызанамі: у 1952 да яе далучана б.італьян. калонія Эрытрэя. Нягледзячы на пэўны рост эканомікі ў 1950—60-я г., захаванне абсалютысцкага рэжыму і многіх феад. перажыткаў выклікала незадаволенасць у грамадстве. 12.9.1974 ваенныя скінулі Хайле Селасіе I, а ў сак. 1975 скасавалі манархію. Улада перайшла да Часовага ваен.адм. савета. які ў лют. 1977 узначаліў палк. Менгісту Хайле Марыям. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. у 1984 створана кіруючая Партыя працоўных Э. З дапамогай СССР рэжым Хайле Марыяма адбіў націск войск Самалі, якое імкнулася ў 1977—78 захапіць эфіопскую прав. Агадэн. але не здолеў вырашыць праблему Эрытрэі. дзе з пач. 1960-х г. сепаратысты вялі ўзбр. барацьбу за стварэнне незалежнай дзяржавы. У 1980-я г. ўрадавыя войскі Э. пацярпелі ў Эрытрэі шэраг паражэнняў. Пры падтрымцы эрытрэйцаў створаны шэраг сепаратысцкіх рухаў ва ўнутр. раёнах Э.: Нар. фронт вызвалення Тыгрэ. Фронт вызвалення Арома і інш., якія аб’ядналіся ў Эфіопскінар.рэв.-дэмакр. фронт (ЭНРДФ). Пазіцыі сацыяліст. ўрада былі падарваны эканам. разрухай і сістэматычнымі неўраджаямі. якія сталі прычынай смерці ад голаду больш як 1 млн.чал. 28.5.1991 атрады ЭНРДФ занялі Адыс-Абебу. Падзенне рэжыму Хайле Марыяма адначасова азначала страту народам амхара пануючага становішча ў краіне. якім ён карыстаўся шмат стагоддзяў. Старшынёй Пераходнага ўрада і кіраўніком дзяржавы стаў старшыня ЭНРДФ Мелес Зенаўі. Адначасова Эрытрэя цалкам перайшла пад кантроль мясц. сепаратыстаў і ў 1993 абвешчана незалежнай дзяржавай. У снеж. 1994 прынята новая канстытуцыя Э., якая замацавала федэратыўнае (замест ранейшага унітарнага) уладкаванне дзяржавы. З мая 1995 прэм’ер-міністрам Э. з’яўляецца Мелес Зенаўі. Э. — чл.ААН (з 1945), Афр. саюза (з 2002). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.5.1994.
Гаспадарка. Э. — агр. краіна, адна з найбяднейшых у свеце. эканоміка якой залежыць ад замежнай дапамогі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 39,2 млрд.дол. (600 дол. на душу насельніцтва). Сельская гаспадарка дае 45% ВУП і больш за 80% экспарту. Выкарыстоўваецца 30,7 млн.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,5 млн.га. Земляробства — гал. галіна сельскай гаспадаркі. Зямлю апрацоўваюць плужным і матычным спосабам; ураджайнасць нізкая, існуе дэфіцыт харч. прадуктаў. Прыродным і сац. бедствам з’яўляюцца засухі. Каля пал. ворных зямель пад збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1999) кукурузу (2.8), тэф (2), пшаніцу (1,2), сорга (1,3), ячмень (1). Пашыраны бабовыя (гарох, фасоля, сачавіца, боб), алейныя (нут, кунжут, клешчавіна), цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь і інш.Гал. экспартная культура — кава (збор 232 тыс.т, 1999). Асн.ч. прадукцыі прыпадае на дзікарослыя кафейныя дрэвы на Пд і ПдЗ краіны. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, малапрадукцыйная, на У і ПдУ качавая і паўкачавая, у цэнтр.ч. — адгонна-пашавая. Пагалоўе (млн. галоў, 1999) буйн. раг жывёлы — 35,1, авечак — 22, коз — 16,9, аслоў — 5,2, коней — 2,7, вярблюдаў — 1,1, птушак — 56. Пчалярства. Рыбалоўства (10,4 тыс.т, 1999). Лесанарыхтоўкі. На долю прамысловасці прыпадае каля 10% ВУП. Старэйшая галіна — харчасмакавая (мясаперапр., мукамольная, цукр., алейная, кававая, вытв-сць напіткаў, цыгарэт). У лёгкай прам-сці развіта тэкст. (Адыс-Абеба, Дырэ-Дауа, Бахр-Дар) і гарбарна-абутковая (Адыс-Абеба, Моджа) галіны. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту, у Дырэ-Дауа, Адыс-Абебе, Мугэры. Дрэваапр.прам-сць (вытв-сць фанеры, мэблі, піламатэрыялаў) сканцэнтравана ў Адыс-Абебе і яе наваколлях. Ёсць маш.-буд. (пераважна зборачныя) і металаапр. прадпрыемствы ў Адыс-Абебе і Назрэце. Здабыча золата, плаціны, марганцавай руды, калійнай солі, кварцавага пяску. Вытв-сць электраэнергіі 1,36 млрд.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (89%). Большая ч. насельніцтва не мае доступу да электраэнергіі. Саматужныя промыслы (вышыўка. ткацтва, пляценне, апрацоўка скуры, металу, драўніны). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 28,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 4,3 тыс.км. Аўтапарк налічвае 66,1 тыс. аўтамашын. Даўж. чыгункі 681 км (чыг. лінія Адыс-Абеба — порт Джыбуці). Э. мае доступ да партоў Эрытрэі (Асэб і Масаўа). Суднаходства па воз. Тана. Міжнар. аэрапорты ў Адыс-Абебе і Бахр-Дары. Экспарт (460 млн.дол., 1999) кавы, золата, скур, алейных культур; імпарт (1,25 млрд.дол., 1999) харч. прадуктаў, нафты і нафтапрадуктаў, трансп. сродкаў, абсталявання, медыкаментаў. Асн.гандл. партнёры: Японія, Германія, Саудаўская Аравія, Італія, Джыбуці. Даход ад турызму 11 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — быр.
Літаратура. Раннія ўзоры пісьменства (надпісы-прысвячэнні на сабейскай мове) датуюцца першымі стагоддзямі н.э. Уласна л-ра зарадзілася ў час росквіту Аксумскага царства (4—7 ст.н.э.) і развівалася на стараж.-эфіопскай мове — гёэз (гыыз). Зберагліся тэксты пра дзеянні цара Эзана. Да канца 18 ст. аснову л-ры Э. складалі жыціі святых, гіст. хронікі і паэзія; развівалася перакладная л-ра, пераважна з араб. мовы. Сярод арыгінальных твораў гэтага перыяду — «Слава цароў» (14 ст.) і «Багацце цароў» (18 ст.), вядомасць набылі хронікі цароў Амдэ-Цыёна (14 ст.), Зар-Якаба I (15 ст.), Лебнэ Дынгэля (16 ст.). У паэзіі вылучаўся жанр кыне для царк. спеваў. З канца 19 ст.л-ра Э. пачала развівацца на амхарскай мове. Заснавальнік сучаснай л-ры Афэворк Гэбрэ Іесус (гіст. аповесць «Гісторыя, народжаная сэрцам», 1908). У пач. 20 ст. эфіопскія пісьменнікі адышлі ад канонаў сярэдневяковай кніжнасці, л-ра набыла свецкі характар. Найб. значны пісьменнік 1920—30-х г. — Хіруй Вольдэ Селасіе. Пасля італа-эфіопскай вайны 1935—41 развіццё нац. л-ры звязана з дзейнасцю пісьменнікаў-асветнікаў Кэбэдэ Мікаэля, Мэконына Эндалькачаў, Гырмачаў Тэкле Хаўар’ята і інш. У 1950—60-я г. з рэаліст. творамі выступілі празаікі Тадэсэ Лібэн, Бырхану Зэрыхун, Абэ Губэні, паэты і драматургі Мэнгысту Лема, Цэгае Гэбрэ Мэдхын. У 1970—90-я г. плённа працавалі Асэфа Гэбрэ Мар’ям Тэсэма, Аяльнэх Мулату, Бырхану Зэрыхун, Цэгае Гэбрэ Мэдхын і інш. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Э.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У стараж. мастацтве Э. спалучаліся традыцыі афр. культуры, стараж.-ўсх., пераасэнсаванне хрысц.арх. тыпаў і сюжэтаў і еўрап. ўплыву. Сярод найб. даўніх помнікаў каменныя стэлы са схематычнымі выявамі чалавека і сімвалічнымі знакамі (да 2-га тыс. да н.э.). На ПнУ адкрыты наскальныя размалёўкі, рэльефы з фігурамі быкоў і людзей. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. на горных плато квітнела мастацтва Сабейскага царства: пабудовы з часаных каменных пліт (храмы ў Хаўльты), плаціны, алтары і фрызы з выявай горнага казла (месяцавае бажаство Альмаках), скульптура [сядзячыя царскія фігуры, рэльефы, каменныя і тэракотавыя галовы, наскальныя выявы львоў (Габыдра каля Аксума), каменныя сфінксы, вотыўныя троны]. У перыяд узвышэння Аксумскага царства будавалі 2—3-павярховыя палацы з каменю і. дрэва з плоскім дахам на слупах, часам з унутр. дварамі (палац Такха-Мар’ям у Аксуме); каменныя стэлы (вышыня да 33 м), імітуючыя шмат’ярусныя вежы, троны на ступеньчатых фундаментах, жылыя дамы. Эліністычны ўплыў адбіўся ў разьбе па камені, кераміцы, залатых манетах. З сярэдзіны 4 ст. будавалі манастырскія комплексы і базілікальныя цэрквы (комплекс Дэбрэ-Дама). Пасля заняпаду Аксума традыцыі мастацтва Э. адрадзіліся ў 12—13 ст. на У ад воз. Тана. Сярод захаваных помнікаў цэрквы, высечаныя ў туфавых масівах. пячорныя ці пастаўленыя асобна. Скальныя храмы базілікальныя, часам крыжападобныя ў плане, з плоскімі дахамі; усе дэталі (з каменю) імітуюць скляпенні, драўляныя сувязі і ліштвы, раскрапоўкі, цягі. З копцкім і сірыйскім мастацтвам звязаны каменныя крыжы і аркады на дахах цэркваў, рэльефы на іх фасадах (цэрквы Бет-Мар’ям, Бет-Галгота ў Лалібэле). З’явіўся фрэскавы жывапіс: стылізаваныя плоскасныя фігуры святых, выявы жывёл і сцэн палявання (у царкве Медхане-Алем у Лілабэле), евангельскія сюжэты (у царкве Бет-Мар’ям). Адметныя тэмперныя абразы, у т. л. дыпціхі і трыпціхі, пано на палатне. У 14 ст. развівалася мініяцюра. У 15—17 ст. будаваліся гарады, палацы, багатыя цэрквы (Макана Селасіе ў гарах Уола — цэнтр. свяцілішча, абкружанае драўлянай каланадай). Каменныя замкі-палацы (з вуглавымі вежамі, аркадамі, зубчастымі парапетамі, багатым убраннем) спалучалі мясц. традыцыі з уздзеяннем еўрап. (пераважна партугальскага) мастацтва (палац Фасілідаса ў г. Гондар). У вазах з граніту, алебастру, мармуру адбіліся эліністычныя і візант. традыцыі, у ювелірных вырабах — сувязі з Егіптам, Аравіяй, Грэцыяй, Арменіяй, Індыяй. З 2-й пал. 19 ст. будавалі гарады (Адыс-Абеба) з хаатычнай планіроўкай, простыя жытлы, аб’екты сац. прызначэння. У жывапісе з’явіліся гіст. і батальныя тэмы. У 1-й пал. 20 ст. для буд-ва сталіцы запрашалі замежных архітэктараў, якія стваралі праекты ў духу сучаснай архітэктуры. З 2-й пал. 20 ст. фарміруецца прафес.выяўл. мастацтва. Жывапісец і скульптар Афеворк Тэкле, жывапісцы Але Фелеге Селам, Гебрэ-Крыстас Дэста, Абдэль Рахман Шэрыф, скульптар Тадэсе Белайнех і інш. звяртаюцца да стараж. і нар.маст. традыцый, вопыту еўрап. плыней. Традыц.нар. жытло — дамы круглыя ў плане, плеценыя, абмазаныя глінай з канічным дахам; прамавугольныя з каменю з глінай і друзам, маюць плоскі дах і навес. Сярод традыц. рамёстваў ганчарства, пляценне з саломы, апрацоўка металу (ажурныя, чаканеныя, філігранныя крыжы), вы шыўка, разьба па дрэве, цісненне на скуры.
Літ.:
Кацнельсон И., Терехова Г. По неизведанным землям Эфиопии. М., 1975;
Бартницкий А., Мантель-Нечко И. История Эфиопии: Пер. с пол. М., 1976;
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971;
Яго ж. Третье путешествие по Эфиопии. М., 1987;
Ягья В.С. Эфиопия в новейшее время. М., 1978;
Литературы Африки. М., 1979;
Вольпе М.Л. Литература Эфиопии: Очерк. М., 1981.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Эфіопіі.Да арт.Эфіопія. Імператар Менелік II.Да арт.Эфіопія. Стэла ў г. Аксум. Каля 2—4 ст.Да арт.Эфіопія. Палац Фасілідаса ў г. Гондар. 16 ст.