Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЗ (грэч. Kroisos; 595—546 да н.э.),
апошні цар Лідыі [560—546 да н.э.]. Значна пашырыў тэр. Лідыйскага царства, падпарадкаваў грэч. гарады (Эфес, Мілет і інш.) у М. Азіі, захапіў амаль усю яе зах. частку. Імкнуўся пашырыць у Лідыі грэч. культуру, пасылаў багатыя ахвяраванні грэч. храмам (Дэльфы, Эфес). Стаў першы чаканіць залатую манету. Пра багацці К. складаліся легенды, што зрабіла яго імя назыўным. Разбіты ў вайне з пер. царом Кірам II каля Птэрыі ў Кападокіі, а сталіцу Лідыі Сарды захапілі персы. К. трапіў у палон (546 да н.э.) і паводле адной версіі (Герадот і большасць стараж.-грэч. гісторыкаў) быў прыгавораны да спалення, але памілаваны Кірам, паводле другой (стараж.-ўсх. крыніцы) — пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСТРА́Т (Hērostratos, г.Эфес, Малая Азія, цяпер Турцыя),
грэк, які спаліў у 356 да н.э. храм Артэміды Эфескай (прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету), каб абяссмерціць сваё імя. Паводле падання, храм згарэў у ноч нараджэння Аляксандра Македонскага. Герастрат быў забіты. Па рашэнні жыхароў іанійскіх гарадоў імя Герастрата было аддадзена вечнаму забыццю; стала сімвалам ганебна набытай славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́Н (Kallinos),
старажытнагрэчаскі паэт 1-й пал. 7 ст. да н.э.; заснавальнік элегіі. Нарадзіўся ў г.Эфес (тэр. сучаснай Турцыі). У час уварвання ў М. Азію кімерыйцаў звярнуўся да жыхароў Эфеса з элегіямі, у якіх заклікаў устаць на абарону горада. Зберагліся 4 фрагменты «Ваяўнічай элегіі» (самы вялікі — 21 верш). Аўтар гімна Зеўсу, вершаў на сюжэты нар. паданняў траянскага міфалагічнага цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г.Эфес, Грэцыя — ?),
старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭМІ́ДА,
у грэчаскай міфалогіі багіня, дачка Зеўса і Леты, сястра-блізніца Апалона. Спачатку Артэміда — апякунка жывёл і палявання, багіня месяца, пазней — заступніца шлюбу і дзетанараджэння. Яе ўяўлялі прыгажуняй у доўгім адзенні з паўмесяцам на галаве, з факелам ці з лукам і стрэламі ў руках. Лічылі, што нарадзілася Артэміда на в-ве Дэлас. Найб. вядомыя свяцілішчы Артэміды на п-ве Атыка і ў г.Эфес. У Эфесе быў храм Артэміды, прылічаны грэкамі да аднаго з 7 дзівосаў свету (спалены ў 356 да н.э. Герастратам). У рым. міфалогіі вядома як Дыяна. Міф пра Артэміду натхніў ант. скульптараў Праксіцеля, Леахара, грэч. вазапісцаў, пазней — Тыцыяна, П.П.Рубенса, Рэмбранта, пісьменнікаў Дж.Бакачыо, Г.Гейнэ і інш.
Да арт. Артэміда. Артэміда Версальская. Скульпт. Леахар. Канец 4 ст. да н.э. Рымская копія.