Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РМА (Parma),
горад на Пн Італіі, на р. Парма, прытоку р. По. Адм. ц. правінцыі Парма. Вядомы з глыбокай старажытнасці. Першапачаткова этрускае, затым гальскае паселішча. Каля 180 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., хім., фармацэўтычная, парфумерная, харч., у т. л. сыраварная. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1065). Акадэмія выяўл. мастацтваў і музыкі, кансерваторыя. Пінакатэка. Музеі. Тэатры. Арх. помнікі: раманскі сабор (11—12 ст.), раманска-гатычны баптыстэрый (1196—1307), рэнесансавыя цэрквы (15—17 ст.) і інш. Штогадовыя міжнар. выстаўкі кансерваў.
т. 12, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.
Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.
Літ.:
Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ. М., 1954.
т. 8, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,
адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.
Літ.:
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.
А.М.Булыка.
т. 9, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)