КУ́ЧАР (Алесь) (Айзік Евелевіч; 27.6.1910, в. Прудзішча Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 9.7.1996),

бел. крытык і драматург. Вучыўся ў БДУ і Бел. вышэйшым пед. ін-це (1929—32), Маскоўскім ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры. У 1938—40 выкладчык Мінскага пед. ін-та. З 1945 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкай газеце», у Дзярж. выдавецтве БССР. У 1960—68 на кінастудыі «Беларусьфільм». Друкаваўся з 1927. У яго працах 1930—40-х г. вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, З.​Бядулі, М.​Багдановіча, К.​Чорнага, У.​Хадыкі і інш., прыпісванне ім бурж.-нацыяналіст. ідэалогіі, эстэцтва. У пазнейшых артыкулах і нарысах пра класікаў бел. л-ры, творчасць пісьменнікаў Беларусі (зб. «Літаратурна-крытычныя артыкулы», 1953; «Аб мастацкай прозе», 1961) пазбавіўся спрошчанай трактоўкі твораў. Аўтар п’ес пра партыз. рух («Заложнікі», паст. 1944), мінскіх падпольшчыкаў («Гэта было ў Мінску», паст. 1949), пасляваеннае буд-ва («Неспакойныя сэрцы», паст. 1952), сцэнарыяў маст. фільмаў «Чырвонае лісце» (з А.​Куляшовым, 1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (з М.​Фігуроўскім, 1958), «Лісты да жывых» (1965), «Усходні калідор» (з В.​Вінаградавым, 1968).

Тв.:

Над Дзвіной, Нямігай, Віліяй: П’есы і кінасцэнарыі. Мн., 1962;

Аблічча часу. Мн., 1971;

Літаратурна-крытычныя артыкулы: Выбранае. Мн., 1980.

У.​М.​Конан.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),

рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.​Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.​Тургенева, А.​Ганчарова, А.​Пісемскага, Г.​Гейнэ, раннія творы Л.​Талстога, Ф.​Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.​Чарнышэўскага, М.​Дабралюбава, інш. рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.​Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.​Ж.​Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.​Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».

Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.​Багдановіча народнік А.​Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1955—56;

Исторические эскизы: Избр. ст. М., 1989;

Литературно-критические статьи. Мн., 1976;

Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1939.

Літ.:

Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.​И.​Писарева. Л., 1987;

Искра Л.М. Д.​И.​Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;

Кузнецов Ф.Ф. Круг Д.​И.​Писарева. М., 1990;

Мир Писарева. М., 1995.

У.​М.​Конан.

Дз.І.Пісараў.

т. 12, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)