Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАС (Calluna),
род кветкавых раслін сям. верасовых. 1 від — верас звычайны (Calluna vulgaris). Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі, Паўн. Афрыцы і на Атл. узбярэжжы Амерыкі. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце на пясчаных мясцінах у хваёвых барах, на высечках, выгарынах, пустэчах, тарфяніках, утварае вял. зараснікі — верасоўнікі.
Шматгадовая вечназялёная галінастая кустовая ці кусцікавая расліна выш. да 1 м. Лісце дробнае, лускападобнае, сядзячае, ланцэтнае, размешчана накшталт чарапіцы ў 4 рады. Кветкі дробныя, двухполыя, званочкавыя, бэзава-ружовыя, зрэдку белыя, у аднабокіх гронках. Плод — пушыстая чатырохгранная каробачка. Дэкар., лек (мачагонны, патагонны, процізапаленчы, вяжучы, злёгку снатворны і заспакаяльны сродак), тэхн. (мае дубільнікі, гліказіды, смалу, крухмал), кармавая і меданосная (дае т.зв. «верасовы мёд») расліна. Часам верасам таксама наз. віды роду эрыка (Erica).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,
міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К.у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаў Густаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,
бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл.Аляксандр Неўскі).
Літ.:
Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;
Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),
сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.