ЭРЦГЕ́РЦАГ (ням. Erzherzog),

тытул аўстр. манарха ў Аўстрыі, потым у Аўстра-Венгрыі ў 1453—1804, у 1804—1918 — прынцаў царуючага дома Габсбургаў. Афіцыйна ўстаноўлены ў 1453 (засн. на атрыманым аўстр. герцагамі яшчэ ў 12 ст. прывілеі, які ўраўноўваў іх у правах з курфюрстамі, што наз. таксама «эрцфюрстамі»).

т. 18, кн. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД II (Ferdinand; 9.7.1578, г. Грац, Аўстрыя — 15.2.1637),

аўстрыйскі эрцгерцаг, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1619—37]. З дынастыі Габсбургаў. Сын эрцгерцага Унутр. Аўстрыі (Штырыя, Карынтыя, Крайна) Карла, бацька Фердынанда III, унук Фердынанда I. Выхаваны езуітамі, таму імкнуўся праводзіць у сваіх уладаннях контррэфармацыю. З 1590 эрцгерцаг, з 1595 рэгент Унутр. Істрыі. У 1617 выбраны таксама каралём Чэхіі, а ў 1618 і Венгрыі. Пры ім пачалася Трыццацігадовая вайна 1618—48, у час якой адбыліся антыгабсбургскія выступленні ў Чэхіі (гл. Чэшскае паўстанне 1618—20) і Венгрыі (рух Г.Бетлена). Аўтар аналаў на лац. мове (т. 1—9, 1610—46). Маўзалей у г. Грац.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД I (Ferdinand; 10.3.1503, Алькала-дэ-Энарэс, Іспанія — 25.7.1564),

аўстрыйскі эрцгерцаг, імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1556/58—64]. З дынастыі Габсбургаў. Сын Філіпа I Прыгожага, малодшы брат Карла V. Паводле дагавораў 1521—22 атрымаў ва ўладанне ад Карла V аўстр. землі, пазней правёў тут шэраг адм. рэформ. У 1526 выбраны каралём Чэхіі і Венгрыі (каранаваны ў 1527), але ўсталяваў сваю ўладу толькі ў частцы Венгрыі. З 1529 процістаяў уварванням туркаў (аблога імі Вены і інш.). Стаў імператарам пасля адрачэння ад прастола Карла V (1556, каранаваны ў 1558).

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРДЫНА́НД III (Ferdinand; 13.7.1608, г. Грац, Аўстрыя — 2.4.1657),

кароль ч. Венгрыі (з 1625) і Чэхіі (з 1627), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1637—57], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын Фердынанда II, бацька імператара Леапольда I. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 пасля смерці А.​Валенштайна (1634) і да ўступлення на імператарскі прастол галоўнакаманд. імперскімі войскамі, генералісімус. З 1636 герм. кароль. Як імператар намагаўся ўзмацніць цэнтр. ўладу. Сапернічаў (да 1645) з Дзьёрдзем I Ракацы. Пры ім завершана Трыццацігадовая вайна (гл. Вестфальскі мір 1648). Клапаціўся пра развіццё ў Вене італьян. оперы.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШТА́ЦКІ МІР 1714,

мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ II Габсбург (Rudolf; 18.7.1552, Вена — 20.1.1612),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» і эрцгерцаг Аўстрыі ў 1576—1612; кароль Венгрыі [1572—1608] і Чэхіі [1575—1611]. З дынастыі Габсбургаў. Сын імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Максіміляна II, пляменнік (па маці) ісп. караля Філіпа II. У 1572 атрымаў венг. карону, у 1575 — чэш. карону і ў 1576 у спадчыну ад бацькі тытулы імператара і эрцгерцага. Праводзіў у цэлым антыпратэстанцкі курс (гл. Контррэфармацыя), але з-за супраціўлення гэтаму ў Венгрыі (рух пад кіраўніцтвам І.​Бочкаі) і Чэхіі даў свабоду веравызнання венг. і чэш. пратэстантам (адпаведна ў 1607 і 1609). У выніку міжусобнай барацьбы з братам Маціясам саступіў апошняму ўладу над Верхняй і Ніжняй Аўстрыяй, Венгрыяй, Маравіяй (1608) і Чэхіяй (1611). Супраціўляўся тур. экспансіі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф II.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМІЛЯ́Н I (Maximilian; 22.3.1459, г. Вінер-Нойштат, Аўстрыя — 12.1.1519),

германскі кароль (з 1486), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1493—1519], эрцгерцаг Аўстрыі. З дынастыі Габсбургаў. Сын і пераемнік імператара Фрыдрыха III, бацька Філіпа I Прыгожага, дзед Карла V і Фердынанда I. У выніку дынастычнага шлюбу 1477 з Марыяй Бургундскай (дачка Карла Смелага, п. ў 1482) атрымаў ва ўладанне Нідэрланды і Франш-Кантэ. Сапернічаў з франц. каралём Людовікам XI. Заснаваў войска ландскнехтаў. Пацярпеў паражэнне ў т.зв. Швабскай вайне 1499 з швейцарцамі. Дынастычнымі шлюбамі забяспечыў сваім наследнікам ісп., венгерскі і чэш. прастолы. Пачаў фактычнае аб’яднанне аўстр. уладанняў Габсбургаў і цэнтралізацыю іх кіравання, намагаўся зрабіць Германію цэнтрам універсальнай дзяржавы Габсбургаў. Быў прыхільнікам гуманізму, спрыяў мастакам, у т. л. А.Дзюрэру, і вучоным (найперш ням. гуманістам); сучаснікі называлі яго «апошнім рыцарам». Аўтар некалькіх літ.-аўтабіягр. твораў.

Максімілян I. Партрэт работы А.​Дзюрэра. 1519.

т. 9, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЛІ́ЦКІ ПРАРЫ́Ў 1915,

стратэгічная аперацыя германа-аўстр. войск 2—5 мая супраць рускага Паўд.-Зах. фронту ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. Каб вывесці Расію з вайны герм. камандаванне вырашыла нанесці ёй знішчальны ўдар, пачаткам якога і быў Гарліцкі прарыў. Ажыццяўлялася ў Паўд. Польшчы ў раёне г. Гарліцы сіламі 11-й герм. арміі (ген. А.​Макензен) і 4-й аўстра-венг. арміі (эрцгерцаг Іосіф Фердынанд). У рус. 3-я армія (ген. Д.​Р.​Радка-Дзмітрыеў), на якую быў скіраваны асн. ўдар, мела вял. некамплект у людзях, ёй не хапала снарадаў. Рус. абарона была прарвана, і да 8 мая герм.-аўстр. войскі прасунуліся на 40 км. Рус. Стаўка і камандаванне Паўд.-Зах. фронту (ген. М.​І.​Іваноў) не здолелі арганізаваць контрудар. 3.6.1915 герм.-аўстр. войскі занялі Перамышль, 22 чэрв. — Львоў. Рус. войскі, страціўшы 500 тыс. палонных і 344 гарматы, пакінулі Галіцыю.

т. 5, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРАЛІ́СІМУС (ад лац. generalissimus самы галоўны),

найвышэйшае воінскае званне ва ўзбр. сілах некаторых дзяржаў. Напачатку надавалася як ганаровы тытул галоўнакамандуючаму ўзбр. сіламі краіны або кааліцыі краін (гал. чынам на перыяд вайны), часам асобам з сем’яў царуючых дынастый і дзярж. дзеячам (упершыню нададзены ў 1569 франц. каралём Карлам IX свайму брату герцагу Анжуйскаму, будучаму каралю Генрыху III). Тытул генералісімуса мелі: герцагі Г. дэ Гіз (2-я пал. 16 ст.), А.​Рышэлье (1-я пал. 17 ст.), Л.​Вілар (1733—34), Ф.​Фош (верагодна, з 1918), прынц Л.​Кандэ (17 ст.) у Францыі; кн. Р.​Мантэкукалі (17 ст.), прынц Яўгеній Савойскі (з 1697), граф Л.​Даўн (з 1758), эрцгерцаг Карл (верагодна, у 1809), кн. К.​Шварцэнберг (канец 18 — пач. 19 ст.) у Аўстрыі; граф А.​Валенштэйн (у Трыццацігадовую вайну 1618—48) у Германіі. У Расіі званне генералісімуса мелі: ваявода А.​С.​Шэін (у час Азоўскага паходу 1696), кн. А.​Д.​Меншыкаў (у 1727—29), прынц Антон Ульрых Браўншвейгскі (1740—74), А.​В.​Сувораў (1799—1800); у СССР І.​В.​Сталін (з 1945); у Кітаі Чан Кайшы (пасля 1927); у Іспаніі Ф.​Франка (пасля 1939).

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,

узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона III аўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)