Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКУМЕНІ́ЗМ (ад грэч. oikumenē населены свет, Сусвет), экуменічны рух,
рух супраць размежавання паміж рэліг. канфесіямі, за іх збліжэнне і супрацоўніцтва. Хрысц.экуменічны рух узнік у пач. 20 ст. па ініцыятыве пратэстанцкіх цэркваў ЗША і Зах. Еўропы. Арганізацыйна аформлены ў 1910 на Сусв. місіянерскай канферэнцыі ў г. Эдынбург (Вялікабрытанія). У 1948 у Амстэрдаме створаны міжнар. цэнтр Э. — Сусветны савет цэркваў (ССЦ). Рус.правасл. царква прынята ў ССЦ у 1961. Рымска-каталіцкая фармальна не ўваходзіць у ССЦ, але Ватыкан падтрымлівае экуменістычныя ідэі і супрацоўнічае з ССЦ. Сучасны Э. прадугледжвае арганізацыю супрацоўніцтва паміж хрысц. і нехрысц. канфесіямі пры вырашэнні розных праблем сац.-эканам. і культ. характару (міжканфесіянальная цярпімасць, пошук кампрамісаў, наладжванне дыялогаў і г.д.).
Літ.:
Проблемы экуменизма и миссионерской практики. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Усяленскі рух, гл.Экуменічны рух
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,
сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.
І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл.Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл.Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.