Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.
Пабудаваны ў 1961—65 у г. Барысаў як фармацэўтычная ф-ка. У 1969—90 хіміка-фармацэўтычны з-д. У 1984 пабудаваны корпус таблетачнага цэха, у 1990 — ампульнай вытв-сці. Дзейнічаюць участкі: галенавы, таблетачны, ампульны, друкарска-картанажны. Асн. прадукцыя (1995) — гатовыя лекавыя сродкі: растворы ў ампулах і парашкі для ін’екцый, таблеткі, настоі, экстракты, каплі, мазі, пасты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎЦЯГО́ННЫЯ СРО́ДКІ,
рэчывы, якія стымулююць утварэнне жоўці або павялічваюць выдзяленне яе ў дванаццаціперсную кішку.
Падзяляюць на 3 групы: прэпараты, у якіх ёсць жоўць і жоўцевыя к-ты (алахол, дыгідрахолевая к-та, халензім і інш.), сінт. рэчывы (оксафенамід, нікадзін і інш.), лек. настоі, экстракты, канцэнтраты, якія атрымліваюць з кветак бяссмертніку пясчанага, рыльцаў кукурузы, вял. падтынніку, амурскага барбарысу і інш. Ж.с. ўжываюць пры хваробах печані, жоўцевага пузыра і жоўцевывадных шляхоў (гепатыт, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, халангіт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РМУТ (ням. Wermut літар. палын),
віно вінаграднае, прыгатаванае з дабаўленнем спірту, цукру і араматызаванае настоямі вострапрыпраўных і лек. раслін. Настоі (экстракты) раслін (палын, бузіна чорная, кардамон, карыца, мята і інш.) рыхтуюць на 75%-ным спірце і дадаюць (2—4% па аб’ёме) у віно-аснову (пераважна сухія віны). Выпускаюць вермут белы, ружовы і чырвоны, моцны (мае 18 аб’ёмных працэнтаў спірту і 8% цукру) і дэсертны (па 16% спірту і цукру). Прамысл. выпуск вермуту пачаты ў 1786 у Турыне (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1946 як гар. харчкамбінат. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю піўцэх, у 1960 — кансервавы цэх, у 1962 — цэх безалкагольных напіткаў. У 1972—1976 кансервавы камбінат. Уключаў Драгічынскі крухмала-сокавы, Парэцкі крухмальны, Пагост-Загародскі кансервавы з-ды, якія выйшлі з саставу ў 1993—95. З 1976 сучасная назва, з 1997 адкрытае акц.т-ва. З 2000 вядзецца рэканструкцыя. Асн. прадукцыя (2001): пладова-агароднінныя кансервы (сокі, соусы, павідла, салаты і інш.), кісялі, экстракты, безалкагольныя напіткі на натур. аснове, у т. л. квасы.
арганічнае злучэнне, C6H2(OH)3COOH. Адкрыў у 1786 швед. хімік К.Шэеле ў выцяжках з чарнільных арэшкаў (галаў).
Існуе як монагідрат (C7H6O5∙H2O) — бясколерныя крышталі, цямнеюць на святле, шчыльн. 1694 кг/м³ (6 °C), пры 100—120 °C трацяць ваду, tпл бязводнай 240 °C (з раскладаннем). Добра раствараецца ў кіпячай вадзе і спірце. Аднаўляе солі (напр., золата і серабра) да металаў, з хларыдам жалеза (FeCl3) дае сіне-чорную афарбоўку. Складаныя эфіры галавай кіслаты — антыаксіданты тлушчаў і алеяў. Галавую кіслату маюць у сабе чай, дубовая кара, дубільныя экстракты. Атрымліваюць гідролізам танінаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці пірагалолу, лек. сродкаў, фарбавальнікаў, у аналіт. хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,
вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл.Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек.экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗАЧА́ТКАВЫЯ СРО́ДКІ, кантрацэптывы,
сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Адрозніваюць мех. і хім. П.с., якія выконваюць бар’ерную функцыю і перашкаджаюць злучэнню сперматазоіда і яйцаклеткі, гарманальныя П.с., якія парушаюць фізіял. механізмы ўзнаўлення патомства. Да мех. П.с. адносяць прыстасаванні, якія прадухіляюць пранікненне сперматазоідаў у матку або перашкаджаюць развіццю ў матцы аплодненай яйцаклеткі (прэзерватывы, гумавыя дыяфрагмы, каўпачкі, унутрыматачныя сродкі). Мужчынскі прэзерватыў — адзін з найб. эфектыўных сродкаў прафілактыкі венерычных захворванняў і СНІДу. Унутрыматачныя П.с. ўводзяць у поласць маткі (могуць мець і лек. сродкі). Да хім. П.с. мясц. дзеяння адносяць рэчывы, якія выклікаюць гібель сперматазоідаў, што трапілі ў похву (напр., слабыя арган. к-ты, экстракты некат. раслін). Хім. П.с. часта камбінуюць паміж сабой і выкарыстоўваюць у выглядзе спец. паст, парашкоў і інш. Пашыраны гарманальныя лек. П.с., якія прадухіляюць цяжарнасць шляхам прыгнечвання авуляцыі і сперматагенезу, зменай уласцівасцей слізі шыйкі маткі і інш. У якасці пераральных гарманальных П.с. выкарыстоўваюць сінт. аналагі жан. палавых гармонаў або іх камбінацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́Э (Aloe),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Каля 350 відаў. Растуць у пустынных і засушлівых раёнах Афрыкі, на Пд Аравійскага п-ва і Міжземнамор’я (1 від). Многія з іх лек., харч., меданосныя, тэхн. (валакністыя) і дэкар. расліны; вырошчваюць у пакоях, аранжарэях і цяпліцах. На Беларусі ў пакаёвай культуры найб. вядомы: алоэ дрэвападобнае (aloe arborescens), альяс, цвіце вельмі рэдка і таму наз. сталетнікам; алоэ мыльнае (aloe saponaria), алоэ паласатае (aloe striata), алоэ стракатае (aloe variegata), алоэ асцюковае (aloe aristata).
Шматгадовыя травяністыя, кустападобныя і дрэвападобныя сукуленты з простым кароткім або развітым, тоўстым разгалінаваным або тонкім ліянападобным сцяблом, часцей зусім без яго (разеткападобныя формы). Лісце мясістае, часта з васковым налётам, плямамі і палосамі, па краях з зубцамі, у густых прыкаранёвых ці канцавых (у дрэвавых формаў) разетках або двухраднае. Кветкі чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зялёныя, рэдка крэмавыя і белыя, у суквеццях. Плод сухая каробачка. З лісця некаторых відаў вырабляюць сабур (слабіцельны сродак), экстракты, сокі, сіропы, тэрапеўтычныя сродкі. Прэпаратамі алоэ карыстаюцца ў тканкавай тэрапіі (біястымулятары). У нар. медыцыне свежае лісце ўжываюць пры бранхіяльнай астме, язве страўніка і кішэчніка, туберкулёзе, ранах, нарывах.