ЭКСКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. excrementum адход, выдзяленне), фекаліі,
цвёрдыя і вадкія прадукты выпаражнення жывёл і чалавека. Складаюцца з прадуктаў абмену рэчываў, неператраўленых астаткаў корму, ежы і вял. колькасці мікраарганізмаў. Субстрат для развіцця і корм інш. жывёл, бактэрый і грыбоў. Канчатковы этап — мінералізацыя. Даследуюцца на наяўнасць хвароб органаў стрававання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАТРО́ФЫ [ад грэч. sapros гнілы + ...троф(ы)],
арганізмы, якія ўжываюць арган. злучэнні мёртвых цел або выдзяленні (экскрэменты) жывёл. Паводле тыпу харчавання адносяцца да гетэратрофаў. Удзельнічаюць у мінералізацыі арган. злучэнняў, з’яўляюцца важным звяном у біял. кругавароце рэчыва і энергіі. Да С. адносяцца бактэрыі, актынаміцэты, грыбы, расліны-паразіты, некат. водарасці, з жывёл — сапрафагі (напр., жукі-гнаевікі, вароны, гіены). Водныя С. ўдзельнічаюць у біял. ачыстцы вады, глебавыя — у глебаўтварэнні, спрыяюць павышэнню ўрадлівасці глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАЛІ́ТЫ [ад грэч. kopros памёт, кал + літ(ы)],
выкапнёвыя экскрэменты марскіх жывёл (чарвей, малюскаў, іхтыязаўраў і інш.), што захоўваюць першасную форму, а часам і неператраўленыя рэшткі ежы. Месцамі складаюць марскія мулы. У выкапнёвым стане (з ардовіку) трапляюцца капрагенныя вапнякі, даламіты і фасфарыты, якія ўяўляюць сабой псеўдамарфозы на К. Фасфарытызаваныя К. рыфейскага ўзросту — самыя стараж. сляды жывёл на Зямлі. К. маюць да 55—60% трыкальцыю фасфату і выкарыстоўваюцца як угнаенні. Трапляюцца пераважна ў Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш.сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАБЛО́ШКІ, медзяніцы,
псіліды (Psyllinea),
падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Ва Усх. Еўропе каля 160 відаў, найб. трапляюцца медзяніцы яблыневая (Psylla mali) і грушавая (P. pyricoia), Л. капусная (Trioza brassicae) і маркоўная (T. viridula) і інш. Жывуць калоніямі. Многія віды — шкоднікі раслін, галаўтваральнікі, пераносчыкі вірусных хвароб раслін.
Даўж. да б мм. Цела жоўтае, зеленаватае, чырв.-бурае. Ротавыя органы сысучыя. 2 пары крылаў. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Экскрэменты Л. утвараюць т.зв. «медзяную расу» (адсюль другая назва).
Размнажэнне палавое, зрэдку партэнагенетычнае. Развіццё з няпоўным ператварэннем, у лічынак 5 узростаў.