ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,

сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМО́Е КІНО́,

умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.

Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.​Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.​Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.​Лост і У.​Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл. Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.​Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.​Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.​Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.​Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.​Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.​Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.​Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.​Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.​Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл. Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.​Пікфард, Л.​Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.​Халодная ў Расіі, Г.​Гарба ў ЗША, «вамп» — А.​Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.​Валентына, Г.​Лойд, Д.​Фэрбенкс у ЗША, І.​Мазжухін, А.​Ктораў у Расіі, комікі — Б.​Кітан у ЗША, М.​Ліндэр у Францыі і інш. Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.​Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.​Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.​Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.​Т.​Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.​Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.​Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).

На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.​Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел. маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.​Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.​Малчанаў) і інш. Фільм У.​Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.​Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.​Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г. бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.​Бахар і П.​Малчанаў).

Літ.:

История белорусского кино. Мн., 1969;

Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр. М., 1981.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.

Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.

На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш. Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.

Літ.:

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.

М.​М.​Кунцэвіч.

Гідрамеліярацыйныя збудаванні: а — падпорны адкрыты рэгулятар (1 — шпунт, 2 — здвоены затвор, 3 — вінтавы пад’ёмнік, 4 — мост); бэкранны рыбазагараджальнік (1 — рыбаадводны тракт, 2 — плоскія сеткі, 3 — прамыўное прыстасаванне); в — каркас-нашпунтавая перамычка (1 — шпунт, 2 — раскосы); г — гідраметрычны масток (1 — берагавая апора, 2 — ферма).

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ КІНО́, ігравое кіно,

галоўны від кінамастацтва, заснаваны на ўвасабленні акцёрамі сюжэта, напісанага кінадраматургам, знятага кінааператарам пры дапамозе здымачнай групы пад кіраўніцтвам рэжысёра. М.к. сінтэтычнае па сваёй прыродзе. Яно аб’ядноўвае выразныя сродкі ўсіх традыц. і тэхнагенных відаў мастацтва: л-ры (кінадраматургія), тэатр. мастацтва (мастацтва акцёра, рэжысёра, сцэнографа), выяўл. мастацтва, фатаграфіі, аператарскае майстэрства (пластыка фільма), музыкі (муз.-шумавая палітра фільма). Найб. цесна М.к. звязана з л-рай у галіне экранізацый. Гал. фігура ў М.к. — рэжысёр, ён надае фільму маст. цэласнасць і вобразную адметнасць. Да найб. значных з’яў у сусв. кінапрацэсе належаць фільмы аўтарскага кіно. У іх выяўляецца непаўторная рэжысёрская паэтыка, створаны своеасаблівы лірыка-філас. экранны свет (фільмы Ф.Феліні, І.Бергмана, М.Карнэ, А.Таркоўскага, А.Вайды, А.Курасавы, В.Турава). Жанравае кіно — галіна М.к., дзе фільмы ствараюцца паводле канонаў пэўнага жанру: кінакамедыя, меладрама, прыгодніцкі фільм (вестэрн, дэтэктыўны фільм, баявік, навукова-фантастычны фільм), трылер, фільмы жахаў, фільмы катастроф і інш. М.к. неад’емна звязана з актуальнымі тэмамі і праблемамі часу. У нац. кінематографах розных краін на пэўных гіст. этапах у М.к. ўзніклі адметныя маст. школы, праявілася асаблівасць стыляў, кірункаў: у ням. кіно — экспрэсіянізм 1920-х г. і «новае нямецкае кіно» 1980-х г., у італьянскім — неарэалізм 1950—60-х г., у франц. — «новая хваля» 1960-х г., у польскім — «польская школа» 1950—60-х г., у грузінскім — паэт. кіно 1970-х г. М.к. абапіраецца на маст. культуру свайго народа, выражае яго ментальнасць, сістэму духоўных каштоўнасцей. У амер. кіно гэта — вял. амер. мара, герой-адзіночка, які сам дасягнуў сваёй мэты, у італьянскім — культ сям’і і радавога клана, у японскім — пачцівасць да гісторыка-культ. традыцый і г.д. У бел. кіно асноватворным з’яўляецца духоўны вопыт народа, загартаванага ў складаных гіст. выпрабаваннях, мужнага, працавітага, чулага і братэрскага. У бел. М.к. 1920—30-х г. дамінавала гісторыка-рэв. тэма. У пасляваен. гады асноўнае для яго — тэма Вял. Айч. вайны, што прайшла эвалюцыю ў сваёй трактоўцы: ад героіка-рамант. фільмаў пра герояў-падпольшчыкаў, партызан («Канстанцін Заслонаў» У.​Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.​Фігуроўскага, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава, «Руіны страляюць» В.​Чацверыкова) праз лірычнае апяванне дзяцінства, апаленага вайной («Праз могілкі» і «Я родам з дзяцінства» Турава, «Вянок санетаў» В.​Рубінчыка, «Іван Макаравіч» І.​Дабралюбава) да фільмаў-трагедый пра генацыд і пакуты народа ў гады вайны («Ідзі і глядзі» Э.​Клімава, «Сведка» В.​Рыбарава). У 1990-я г. з’явіліся новыя тэмы і вобразы, звязаныя з экалогіяй, гісторыяй і культурай краіны. Тэма Чарнобыля адбілася ў кіно ў «постчарнобыльскім сіндроме» — экранным вобразе «экалогіі душы» і пошукаў новых духоўных арыенціраў (фільмы «Метаноя» В.​Шувагіна, «Душа мая, Марыя» В.​Нікіфарава, «Чорны бусел» Турава, «Эпілог» Дабралюбава). Імкненне спасцігнуць глыбінную гісторыю народа, яго шматвяковы духоўны вопыт праявілася ў бел. дакументальна-мастацкім кіно. У цыкле В.​Шавялевіча (фільмы «Да вас, сучаснікі мае», «Прыйдзі і віждзь», «Пастка для зубра») героі — гіст. асобы (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Вітаўт, Ягайла і інш.), а таксама нашы сучаснікі. У цыкле муз.-этнагр. фільмаў (1972—99) этнамузыколага З.​Мажэйкі паказана багацце і прыгажосць бел. фальклору (фільмы «Палескія калядкі», «Галасы вякоў», «Рух зямлі» і інш). Разнавіднасцю М.к. з’яўляецца тэлевізійнае мастацкае кіно (33-серыйны фільм «Пракляты ўтульны дом» У.​Арлова паводле рамана С.​Жаромскага, 1999).

В.​Ф.​Нячай.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЛАДРА́МА (ад грэч. melos песня, мелодыя + драма),

1) жанр драматургіі; п’еса з завостранай інтрыгай, павышанай эмацыянальнасцю, рэзкім проціпастаўленнем дабра і зла. Для яе характэрны дынамізм, патэтыка, гіпербалізаваны паказ страсцей, адкрытая маральна-дыдактычная тэндэнцыйнасць.

Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. ў Францыі як муз.-драм. твор. З канца 18 ст. стала жанрам літ. драмы, атрымала пашырэнне ў еўрап. т-ры. Прайшла складаны шлях развіцця. Найб. росквіт М. прыпадае на эпохі бурных грамадскіх узрушэнняў, а яе затуханне — на перыяд спакойнага, стабільнага жыцця На Беларусі М. ўзнікла ў пач. 20 ст., у перыяд адраджэння бел. прафес. т-ра. Найчасцей развівалася не ў «чыстым» выглядзе, а з выкарыстаннем асобных яе элементаў. Аўтары выбіралі даходлівую для гледачоў форму, найб. просты і адкрыты спосаб уздзеяння на іх эмоцыі і пачуцці. Бел. М. мае дэмакр. накіраванасць, сац. напоўненасць і значнасць. Пакінула выразны адбітак на драматург. творчасці К.​Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Сын Даніла» і інш.), М.​Гарэцкага («Атрута»), К.​Буйло («Сягонняшнія і даўнейшыя»), Л.​Родзевіча («Блуднікі», «Пакрыўджаныя»), У.​Галубка («Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў», «Праменьчык шчасця», «Ганка», «Пан Сурынта» і інш.), М.​Чарота («На Купалле»), В.​Гарбацэвіча («Чырвоныя кветкі Беларусі») і інш. З 2-й пал. 1920-х г. жанр М. ў бел. драматургіі не атрымлівае шырокага развіцця. Асобныя прыёмы і элементы М. выкарыстаны ў п’есах К.​Крапівы («Людзі і д’яблы», «На вастрыі»), П.​Васілеўскага («Дзіўны дом»), І.​Шамякіна («І змоўклі птушкі»), А.​Дзялендзіка («Грэшная любоў») і інш. 2) Музычна-драматычны твор, у якім маналогі і дыялогі дзеючых асоб чаргуюцца з музыкай ці суправаджаюцца ёю (напр., «Арфей» Е.​Фаміна на словы Я.​Княжніна, 1792).

3) Жанр кінематографа; фільм пра ўзвышаныя пачуцці і ракавыя абставіны лёсу. Для яго характэрна. кантрастнасць у абмалёўцы герояў, напружанасць дзеяння, дыдактычны фінал.

З’явілася ў 1900-я г. (франц. стужка «Любоўны раман», 1904). У еўрап. традыцыі М ўяўляе сабой гісторыю пакутлівай ахвяры, што паддалася спакусам лёсу (варыяцыі на тэму італьян. стужкі «Дама з камеліямі», 1916). Такіх гераінь увасаблялі рус. актрыса В.​Халодная, датчанка А.​Нільсен, шведка Г.​Гарба, англічанка В.​Лі. Да вышынь сусв. мастацтва М. ўзняў Ч.​Чаплін («Парыжанка», 1923). У амер. кіно М. — гэта найчасцей сучасная гісторыя Папялушкі, якая шчасліва заканчваецца («Смешная дзяўчынка», 1968, рэж. У.​Уайлер). Расійскі варыянт такой М. — фільм У.​Мяньшова «Масква слёзам не верыць» (1980). Рамант. М. пра любоўныя прыгоды сцвярджае актыўнасць жанчыны ў пошуках кахання (у ЗША — «Знесеныя ветрам», 1939, рэж В.​Флемінг, «Вестсайдская гісторыя», 1961, рэж. Р.​Уайз, «Гісторыя кахання», 1970, рэж. А.​Хілер; у Францыі — «Мужчына і жанчына», 1966, рэж. К.​Лелуш; серыял пра Анжаліку, 1964—68). Асобную групу складаюць М., у якіх героі — людзі з народа. Такія М. вылучаюцца выкарыстаннем нар. традыцый, заснаваны на сямейна-быт. і сац. праблематыцы. М. як нар. экранны эпас — адметнасць італьян. неарэалізму («Аповесць пра бедных закаханых», 1953, рэж. К.​Лідзані; «Нявеста Бубе», 1963, рэж. Л.​Каменчыні), інд. муз.-пластычнай культуры («Бадзяга», 1951, рэж. Р.​Капур), аргенцінскай муз. М. («Узрост кахання», 1954, рэж. Х.​Сарасені), рас. фільма — нар. лубка («Свінарка і пастух», 1941, рэж. І.​Пыр’еў) і муз. шоу («Цырк», 1936, рэж. Р.​Аляксандраў).

У бел. кіно М. развілася як сямейна-быт. любоўная гісторыя: фільмы «Маё каханне» У.​Корш-Сабліна (1940), «Зялёныя агні» (1956) і «Шчасце трэба берагчы» (1958) І.​Шульмана, «Нашы суседзі» (1957) і «Каханнем трэба даражыць» (1960) С.​Сплашнова, «Кветкі правінцыі» Дз.​Зайцава (1995). Меладраматычныя рысы маюць некаторыя фільмы на гіст. тэматыку «Кастусь Каліноўскі» У.​Гардзіна (1928), «Чырвонае лісце» Корш-Сабліна (1958), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» М.​Фігуроўскага (1959), а таксама тэлесерыялы «Раман імператара» Д.​Ніжнікоўскай (1994), «Пракляты ўтульны дом» У.​Арлова (1999).

Літ.:

Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Яго ж. Беларуская савецкая драматургія, 1917—1932. Мн., 1968;

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1. Мн., 1969;

Шилова И. О мелодраме // Вопросы киноискусства. М., 1976. Вып. 17;

Зоркая Н.М. На рубеже столетий: У истоков массового искусства в России 1900—1910 гг. М., 1976.

А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), В.​Ф.​Нячай (кіно).

т. 10, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)