Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́НСКІ ЭДЫ́КТ,
назва праграмы рэліг. палітыкі ў адносінах да хрысціянства, узгодненай у Мілане ў 313 стараж.рым. імператарамі Канстанцінам I і Ліцыніем Красам (правілі адпаведна зах. і ўсх. часткамі Рым. імперыі). Прызнаваў за хрысціянствам роўныя правы з дзярж. язычніцкімі культамі. Дазваляў хрысціянам свабоду веравызнання, вяртаў ім раней адабраную маёмасць. Выданне М.э. было важным этапам у ператварэнні хрысціянства ў пануючую рэлігію Рым. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НЦКІ ЭДЫ́КТ 1598,
эдыкт, падпісаны франц. каралём Генрыхам IV [1589—1610] у крас. 1598 у г. Нант; завяршыў рэлігійныя войны ў Францыі. Складаўся з 93 афіц. і 36 тайных артыкулаў. Паводле Н.э. каталіцызм заставаўся пануючай рэлігіяй, але гугеноты атрымалі свабоду веравызнання і набажэнства ў гарадах (акрамя Парыжа і некаторых інш.), у сваіх замках і шэрагу сельскіх мясцовасцей, права займаць суд.-адм. і ваен. пасады; для разбору суд. спраў гугенотаў пры парламентах у Парыжы, Тулузе, Бардо і Грэноблі былі створаны асобыя палаты, якія складаліся напалавіну з гугенотаў; ім дазвалялася склікаць паліт. канферэнцыі і сіноды (сходы). Паводле тайных артыкулаў Н.э. (не былі зарэгістраваны парыжскім парламентам) гугеноты атрымалі 100 т.зв. «гарантыйных» крэпасцей з гарнізонамі (галоўныя — Манпелье, Мантабан, Ла-Рашэль), права мець войска і інш.паліт. прывілеі, несумяшчальныя з сутнасцю цэнтралізаванай дзяржавы. Пасля вайны з гугенотамі 1621—29 тайныя артыкулы Н.э. скасаваны, у т. л. ліквідаваны «гарантыйныя» крэпасці гугенотаў. З сярэдзіны 17 ст.асн. палажэнні Н.э. сістэматычна парушаліся каралём Людовікам XIV, які канчаткова адмяніў яго ў 1685, што прывяло да эміграцыі каля 500 тыс. гугенотаў.
рымскі імператар [117—138] з дынастыі Антанінаў. У 107—108 намеснік Ніжняй Паноніі, з 114 — Сірыі. Праводзіў цэнтралізацыю дзярж. устаноў, умацоўваў імператарскую ўладу, пашыраў сістэму дзярж. дапамог (аліментацый) і інш. Па загадзе Адрыяна была ажыццёўлена кадыфікацыя рым. права, выд. «Пастаянны эдыкт». На межах імперыі стварыў магутную сістэму ўмацаванняў і абарончых валоў (гл.Адрыянаў вал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ Валерый Ліцыніян (Valerius Licinianus Licinius; каля 265—325) рымскі імператар [308—324]. Селянін па паходжанні, Л. зрабіў ваен. кар’еру. У 308 імператар Галерый абвясціў яго суправіцелем з тытулам аўгуста. Пасля смерці Галерыя ў барацьбе чатырох аўгустаў за ўладу (311—312) Л. разам з імператарам Канстанцінам I перамог Максенцыя і Максіміна Дая. У 312 Л. стаў правіцелем усх.ч. імперыі. У 313 выдаў разам з Канстанцінам Міланскі эдыкт аб свабодным веравызнанні хрысціянства. Неўзабаве паміж Л. і Канстанцінам пачалася барацьба за ўладу над усёй імперыяй. Л. быў разбіты, узяты ў палон (324) і пакараны смерцю.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст.н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл.Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп.калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл.Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІГІ́ЙНЫЯ ВО́ЙНЫ,
войны, якія адбываюцца ў адпаведнасці з прадпісаннямі рэлігійных догматаў або пад патранажам царквы (рэліг. арганізацыі), напр.крыжовыя паходы, у т. л. супраць славян і балтаў у 12—15 ст. і інш.Гл. таксама Джыхад. У еўрап. гістарыяграфіі Р.в. звычайна называюць Гугеноцкія войны ў Францыі, грамадзянскія войны паміж католікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у 2-й пал. 16 ст., абумоўленыя комплексам рэліг., сац. і паліт. супярэчнасцей. Каталіцкую партыю на чале з Гізамі падтрымлівалі паўн.-ўсх. і цэнтр. правінцыі Францыі. Кальвіністаў (гугенотаў), якіх у розныя часы ўзначальвалі прынц Кандэ, адмірал Каліньі, Генрых Наварскі, падтрымлівалі гарады і дваранства зах. і паўд. правінцый краіны. Зачэпкай для 1-й Р.в. (сак. 1562—сак. 1563) было забойства пратэстантаў у сак. 1562 атрадам Ф. дэ Гіза каля мяст. Васі ў Шампані. У адказ пратэстанты на чале з Кандэ сабралі войска і захапілі шэраг гарадоў. У першай бітве (снеж. 1562 каля Дро) перамаглі католікі. У гэтай і наступных бітвах на баку пратэстантаў выступалі ням., а на баку католікаў — італьян. наёмнікі. Пасля забойства Гіза (1563) на чале каталіцкай партыі сталі яго сыны Генрых, Луі (кардынал Латарынгскі) і Шарль. Вайна завяршылася прыняццем эдыкта (15.3.1563, у Амбуазе), які дазволіў пратэстанцкі культ. 2-я Р.в. (вер. 1567 — сак. 1568) пачалася з «сюрпрызу ў Мо», калі Кандэ спрабаваў захапіць караля Ваен. дзеянні вяліся вакол Парыжа. У бітве пры Сен-Дэні гугеноты пацярпелі паражэнне і ў Ланжумо быў заключаны мір. 3-я Р.в. (жн. 1568—жн. 1570) вялася на З і Пд краіны, дзе брат караля Генрых Анжуйскі ваяваў супраць Кандэ і Каліньі. Найб. крывавыя бітвы адбыліся пры Жарнаку (сак. 1569), калі загінуў Кандэ, і пры Манкантуры (кастр. 1569), калі гугеноты пацярпелі паражэнне. Аднак паводле міру ў Сен-Жэрмене (1570) пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і 4 гарады-крэпасці ў якасці гарантый іх бяспекі. Шлюб паміж Генрыхам Наварскім і сястрой караля Маргарытай Валуа 18.8.1572 павінен быў замацаваць дасягнуты мір. Аднак масавае забойства гугенотаў 24.8.1572 (гл.Варфаламееўская ноч), калі загінула каля 3 тыс.чал., у т. л. адмірал Каліньі, прывяло да 4-й Р.в. (жн. 1572 — ліп. 1573) і эскалацыі насілля з абодвух бакоў. Пасля няўдалай аблогі ўрадавымі войскамі Ла-Рашэлі быў заключаны мір. Булонскі эдыкт (1573) пацвердзіў свабоду веравызнання. Характэрнай рысай 5-й Р.в. (ліст. 1574—май 1576) быў саюз паміж памяркоўнай ч. католікаў, т.зв. «палітыкаў», якіх узначальваў брат караля Франсуа Алансонскі, і пратэстантамі. Паводле міру ў Бальё (1576) урад рэабілітаваў гугенотаў, забітых у час Варфаламееўскай ночы і пацвердзіў свабоду веравызнання. Да гэтага часу склалася паліт. арганізацыя гугенотаў, якая аб’яднала гугеноцкія гарады 3 і Пд краіны ў пратэстанцкую канфедэрацыю, фактычна незалежную ад цэнтр. ўрада. У адказ у Пероне аформілася Каталіцкая ліга 1576. На Генеральных штатах у Блуа (1576) пад націскам каталіцкай партыі кароль 1.1.1577 адмовіўся ад эдыкта ў Бальё і абвясціў каталіцызм адзінай рэлігіяй у дзяржаве, што прывяло да 6-й Р.в. (снеж. 1576—кастр. 1577). Аднак адсутнасць фін. сродкаў прымусіла абодва бакі падпісаць мір 17.9.1577 у Бержэраку і эдыкт у Пуацье (кастр 1577), які ў асн. паўтараў эдыкт у Бальё. 7-я Р.в. (ліст. 1579 — ліст. 1580) была выклікана барацьбой гугенотаў за выкананне артыкулаў эдыкта ў Пуацье і вяртанне гарадоў-крэпасцей, якія гарантавалі іх бяспеку. Апошняя Р.в. (ліп. 1585—чэрв. 1598), або т.зв. «вайна Ліг», пачалася пасля смерці 10.6.1584 Франсуа Алансонскага і прызнання Генрыха Наварскага спадкаемцам трона. Адноўленая Каталіцкая ліга вымусіла караля Генрыха III Немурскім эдыктам (ліп. 1585) забараніць пратэстанцкае веравызнанне ў краіне. Пашырэнне ўплыву Каталіцкай і далучанай да яе Парыжскай лігі, прэтэнзіі Г. дэ Гіза на трон прывялі да забойства апошняга і яго брата, кардынала Латарынгскага (снеж 1588), заключэння саюза паміж Генрыхам III і Генрыхам Наварскім і аблогі іх войскамі Парыжа. У час гэтай аблогі 1.8.1589 Генрых III забіты і трон перайшоў да Генрыха Наварскага, які 25.7.1593 прыняў каталіцтва і 27.2.1594 каранаваўся ў Шартры як Генрых IV. У сак. 1594 Парыж адчыніў яму свае вароты, а да 1596 было задушана супраціўленне праціўнікаў Генрыха IV ва ўсёй Францыі. На апошнім этапе ў 1595—98 адбылася вайна паміж Францыяй і Іспаніяй, якая скончылася мірам у Вервене (май 1598) і канчатковым прызнаннем правоў Генрыха IV. Паводле Нанцкага эдыкта 1598франц. пратэстанты атрымалі свабоду веравызнання і гарантыі іх бяспекі.
Літ.:
Баблон Ж.-П. Генрих IV: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1999.