БЭ́РАЎСКІЯ БУГРЫ́,
паралельныя, амаль шыротна выцягнутыя грады і ўзвышшы ў Прыкаспійскай нізіне, паміж вусцямі рэк Кума і Эмба. Маюць правільную авальную форму. Выш. ад 10 да 45 м, даўж. да 25 км, шыр. 200—300 м, адлегласць паміж грабянямі 1—2 км. Складзены з пяску і крошкі шчыльных карычневых глін. Магчыма, эолавага паходжання. Упершыню апісаны К.М.Бэрам; адсюль назва.
т. 3, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПУСТЫ́НЯ ВІКТО́РЫЯ
(Great Victoria Desert),
пясчаная пустыня на Пд Аўстраліі. Пл. 350 тыс. км². Працягласць з У на З амаль 1200 км.
Вялікая пустыня Вікторыя — тэр. заходнеаўстралійскага пенеплену з пераважнымі выш. 150—300 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады і ўзгоркі (выш. 10—15 м), месцамі астанцовыя плато ці азёрныя засоленыя ўпадзіны. Ападкаў ад 125 да 250 мм за год. Сухія рэчышчы. Пяскі часта замацаваны дзярнінным злакам спініфекс, у міжградавых прасторах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. Пустыня практычна бязводная і цяжкадаступная; упершыню перасек яе ў 1875 англа-аўстр. даследчык Э.Джайлсам. Аднайменны нац. парк.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТАНІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі сушы на рэгіёны, адносна аднародныя паводле складу і структуры расліннасці і глебава-араграфічных умоў: вобласць, зона, падзона, акруга, раён. Тэр. Беларусі знаходзіцца ў зоне спалучэння 2 геабат. абласцей (зон) галарктычнага дамініёна: Еўразійскай таежнай хвойна-лясной і Еўрапейскай шыракаліста-лясной. У межах абласцей вылучаны 3 геабат. падзоны, якія вызначаюць шыротна-кліматычную занальнасць расліннага покрыва: паўночная (дубова-цемнахвойныя, або шыракаліста-яловыя, лясы); цэнтральная (грабава-дубова-цемнахвойныя лясы, або ялова-грабавыя дубровы); паўднёвая (шыракаліста-хваёвыя лясы, або грабавыя дубровы); 7 геабат. акруг, якія адлюстроўваюць унутрызанальныя адрозненні расліннасці: Аршанска-Магілёўская, Ашмянска-Мінская, Бугска-Палеская, Бярэзінска-Перадпалеская, Заходнядзвінская, Нёманска-Перадпалеская, Палеска-Прыдняпроўская; 25 геабат. раёнаў.
т. 5, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПЯСЧА́НАЯ ПУСТЫ́НЯ (Great Sandy Desert). на ПнЗ Аўстраліі.
Абмежавана масівамі Кімберлі на Пн, Мак-Донел на У і хр. Хамерслі на ПдЗ; на З паступова зніжаецца да ўзбярэжжа Індыйскага ак. Пл. 360 тыс. км².
Паверхня прыўзнята на выш. 400—500 м. У рэльефе шыротна размешчаныя пясчаныя грады (сярэдняя выш. 15 м, даўж каля 40—50 км) і міжградавыя прасторы (шыр. 400—800 м, да 2400 м), занятыя камяністымі паверхнямі і глініста-саланчаковымі ўпадзінамі з часовымі азёрамі. Адно з самых гарачых месцаў Аўстраліі (сярэдняя летняя т-ра 28—30 °C). Ападкаў ад 250 да 450 мм за год; частыя засухі, часам працягласцю да некалькіх гадоў. На градах пашыраны дзярнінны злак спініфекс, у катлавінах — акацыі і нізкарослыя эўкаліпты. У Вялікай Пясчанай пустыні самы вялікі маналіт у свеце — астраўная гара Эрс-Рок; нац. парк Рудал-Рывер.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)