Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕРА́НІЯ (лац. Pomerania, ням. Pommern ад скажонага польскага Pomorze Памор’е),

сярэдневяковае герцагства (1170—1648) у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі», створанае на месцы германізаванага слав. княства памаран. Займала ўзбярэжжа Балтыйскага м. на У і на З ад р. Одэр (Одра). Паводле Вестфальскага міру 1648 зах. ч. П. адышла да Швецыі, усх. — да Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія), якая ў 1679, 1720 і 1815 авалодала ўсёй П. Былое герцагства склала асн. ч. прускай прав. П. з цэнтрам у г. Штэцін (цяпер Шчэцін у Польшчы). Паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 б.ч. П. з г. Шчэцін адышла да Польшчы (гл. Памор’е), астатняя, на З ад р. Одэр, засталася ў складзе Германіі (цяпер ч. зямлі Мекленбург—Пярэдняя Памеранія).

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІНАУ́ЙСЬЦЕ (Świnoujście),

горад на ПнЗ Польшчы, на а-вах Узнам і Волін у вусці р. Одра, у Заходне-Паморскім ваяводстве. Вядомы з 12 ст. Каля 60 тыс. ж. (2000). Порт на Балтыйскім м., аванпорт г. Шчэцін, паромная сувязь з Швецыяй. База рыбалоўства. Рыбаперапр. прам-сць. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Музей марскога рыбалоўства.

т. 14, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́СМАН ((Graßmann) Герман Гюнтэр) (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),

нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).

Літ.:

Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.

т. 5, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СКІН (Ізраіль Саламонавіч) (25.11.1895, Віцебск — 19.1.1964),

савецкі военачальнік, ген.-лейт. артылерыі (1944). Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскія курсы цяжкай артылерыі РСЧА (1920), Вышэйшую артыл. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. У грамадз. вайну ўдзельнік ліквідацыі мяцяжоў у Віцебскай і Смаленскай губ., вызвалення ад яп. акупантаў рас. гарадоў на Д. Усходзе, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік баёў пад Сталінградам, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Калінкавіч, Бабруйска; вызначыўся ў час прарыву абароны ворага каля г. Шчэцін (Польшча). Да 1953 у Сав. Арміі.

І.С.Бескін.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНЯЗЬКО́Ў (Дзмітрый Нікандравіч) (н. 26.9.1922, в. Ляшчынец, цяпер ў межах г. Гомель),

Герой Сав. Саюза. Скончыў Гомельскае пед. вучылішча (1950), ваен. авіяц. вучылішча (1960). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі, Польшчы. Камандзір роты лейт. П. вызначыўся 20 і 22.4.1945 пры фарсіраванні р. Одэр каля г. Шчэцін (Польшча) і ў баі за вышыню, якую ўтрымліваў адзін агнём з кулямёта да падыходу асн. сіл роты. Да 1947 і ў 1951—69 у Сав. Арміі, потым на адм.-гасп. рабоце.

Дз.Н.Пенязькоў.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМАРА́НЕ,

група зах.-слав. плямён, якія ў старажытнасці насялялі пераважна польскае Памор ’е. На З межавалі з палабскімі славянамі, на У — з балцкімі плямёнамі прусаў, на Пд — з польскімі плямёнамі куявян (гл. Куявія) і палян. З канца 10 ст. ўваходзілі ў стараж.-польскую дзяржаву. Вял. ролю ў іх гасп. жыцці адыгрывалі рамяство, гандаль, мараплаўства, рыбалоўства. Гал. рамесныя і гандл. цэнтры — Волін і Шчэцін. Уваходзілі ў склад Вендскай дзяржавы (1040-я г. — 1129), разам з палабскімі славянамі змагаліся супраць герм. агрэсіі. У 12 — пач. 14 ст. заваяваны герм. феадаламі, якія падверглі П. вынішчэнню і гвалтоўнай асіміляцыі. Нашчадкамі П. з’яўляецца польская этнагр. група кашубаў, што захавала асаблівасці сваёй культуры, мовы і побыту. Гл. таксама Кашубская мова.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЁБЛІН ((Döblin) Альфрэд) (10.8.1878, г. Шчэцін, Польшча — 28.6.1957),

нямецкі пісьменнік. Як ваен. ўрач удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. У 1933—45 і з 1953 — у эміграцыі. Адзін з прадстаўнікоў ням. экспрэсіянізму, у рэчышчы якога напісаны раманы — філас. «Тры скачкі Ван-Луня» (1915), гіст. «Валенштэйн» (1920), утапічны «Горы, моры і гіганты» (1924). Аўтар раманаў «Гамлет, або Канец доўгай ночы» (1956), трылогіі «Амазонкі» (1937—48), тэтралогіі «Лістапад 1918» (1938—50), апавяданняў, п’ес, літ.-крытычных і публіцыстычных прац. Вяршыня творчасці — своеасаблівы «раман выхавання» — «Берлін, Александэрплац» (1929). У творах Дз. традыц. манера пісьма спалучаецца з эксперыментальнай, паглыбленасць у душэўны свет герояў з глыбокімі філас.-сімвалічнымі абагульненнямі; шырока выкарыстоўваюцца міфал. і літ. рэмінісцэнцыі і аналогіі.

Тв.:

Рус. пер. — Гамлет, или Долгая ночь подходит к концу. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),

рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс. км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял. Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.

т. 11, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,

ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл. Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл. Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.

т. 8, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)