Шчотка (у геалогіі), гл. Друза

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ШЧАЦІ́ННА-ШЧО́ТАЧНАЯ ФАБРЫКА.

Засн. ў 1920 у Мінску. У Вял. Айч. вайну разбурана. Аднавіла работу ў 1946. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Шчотка». Асн. прадукцыя (1999): шчоткі (для адзення і абутку, мед., падлогавыя, швабры і інш.), пэндзлі (малярныя, флейцы, для фарбаў і лакаў), яршы рознага прызначэння.

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЗА (ад ням. Druse шчотка),

форма мінер. агрэгата, прадстаўленага групай крышталёў, якія нараслі адным канцом (гранню або рабром) на агульную аснову — сценку поласці (жэоды, міяролы) або адкрытай трэшчыны ў горных пародах. Крышталі аграненыя з канца, які звернуты ў бок свабоднай прасторы. Найб. часцей трапляюцца Д. кварцу, кальцыту, розных сульфідаў (пірыту, галеніту і інш.), флюарыту.

Друза кварцу.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАГА ТО́КУ МАШЫ́НА,

электрычная машына для ўзаемнага пераўтварэння мех. энергіі вярчэння і эл. энергіі пастаяннага току, а таксама для пераўтварэння адной формы эл. энергіі ў другую. Можа працаваць у рэжыме электрычнага генератара, электрычнага рухавіка, пераўтваральніка электрычнага. Усе П.т.м. — калектарныя машыны.

Складаецца з нерухомай (індуктара) і рухомай (якара) частак, раздзеленых зазорам. У пазы якара ўкладваецца абмотка з паслядоўна злучаных секцый, якія электрычна злучаны з пласцінамі калектара. На індуктары замацоўваюцца полюсы з абмоткай узбуджэння, што стварае нязменны магн. паток. Пры вярчэнні якара ў адпаведнасці з законам электрамагнітнай індукцыі ў секцыі абмоткі якара індуктуецца пераменная эрс і калектарам з шчоткамі пераўтвараецца ў пульсоўную эрс. У вонкавым ланцугу, падключаным да шчотак, ток цячэ ў адным кірунку — ад дадатнай шчоткі да адмоўнай (адбываецца выпрамленне пераменнага току). Каб згладзіць пульсацыі выпрамленага току і атрымаць пастаянную эрс, абмотка якара збіраецца з вял. колькасці секцый, кожная з якіх далучаецца да адпаведнай калектарнай пласціны. Генератары пастаяннага току робяцца з незалежным узбуджэннем (сілкаванне абмоткі ўзбуджэння ад незалежнай крыніцы) ці з самаўзбуджэннем (ток паступае з якара генератара). Адпаведна спосабу злучэння абмоткі ўзбуджэння з абмоткаю якара адрозніваюць генератары паралельнага, паслядоўнага і змешанага ўзбуджэння. Рухавікі пастаяннага току, як і генератары, робяцца таксама з незалежным, паралельным, паслядоўным і змешаным узбуджэннем. Магутнасць П.т.м. ад доляў вата да дзесяткаў тысяч кілават, ккдз да 0,96. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці (у пракатных станах, экскаватарах, станках, шахтавых пад’ёмніках, зварачных апаратах), на транспарце (электрапрывод суднаў, электравозаў, тралейбусаў, трамваяў) і інш.

Б.​І.​Фірага.

Пастаяннага току машына: а — прынцыповая схема (1 — пласціна калектара, 2 — шчотка, 3 — віток проваду на якары, 4 — нагрузка); б — калектарны генератар (1 — ротар, або якар; 2 — калектар; 3 — шчотка; 4 — статар; 5 — вентылятар).

т. 12, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)