хімічныя злучэнні галагенаў з інш. менш электраадмоўнымі элементамі. У прыродзе ўтвараюць асобныя класы мінералаў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці галагенаў, шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, як кампанент шкла і інш. неарган. матэрыялаў.
Галагеніды неметалаў звычайна газы (напр., галагенавадароды, фтарыды серы) ці вадкасці (напр., хларыды серы). Галагеніды шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, а таксама мона- і дыгалагеніды інш. металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, даволі тугаплаўкія і малалятучыя. Большасць крышт. галагенідаў добра раствараецца ў вадзе, акрамя фтарыдаў. Гл. таксама Браміды, Ёдыды, Фтарыды, Хларыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛІ́НАВЫ СІЕНІ́Т,
поўнакрышталічная магматычная шчолачная горная парода. Складаецца са шчолачнага палявога шпату (65—70%), нефеліну (каля 20%) і каляровых мінералаў (10—15%). Утварае інтрузіўныя масівы або ўваходзіць зонамі ў шчолачныя і шчолачна-ультрабазітавыя комплексы. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці. Масівы Н.с. на Украіне, у Расіі, Сярэдняй Азіі, Нарвегіі, Паўд. Грэнландыі, Канадзе, Паўд. Афрыцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГАЛЯ́ТЫ,
прадукты замяшчэння металам атама вадароду гідраксільнай групы спіртоў, М (OAlk)n (n — ступень акіслення металу). Алкагаляты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў першасных і другасных спіртоў — іонныя злучэнні, раствараюцца ў спіртах і аміяку, іх растворы электраправодныя, няўстойлівыя ў прысутнасці вады, вуглякіслага газу, кіслароду. Алкагаляты металаў III—VIII групы — кавалентныя злучэнні, гіграскапічныя, лятучыя, нізкаплаўкія, растваральныя ў арган. растваральніках. Выкарыстоўваюць як каталізатары, алкаксільныя рэагенты, для атрымання асабліва чыстых аксідаў і гідраксідаў металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,
кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).
Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЯ́К,
NH3, найпрасцейшае хім. злучэнне азоту з вадародам. Бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, tкіп -36 °C, шчыльн. у вадкім стане 0,681∙103кг/м³, растваральны ў вадзе (10%-ны раствор — нашатырны спірт). Растварае шчолачныя і шчолачна-зямельныя металы, некаторыя неметалы (P, S, I), многія арган. і неарган. рэчывы. Атрымліваюць каталітычным узаемадзеяннем N2 і H2 пад ціскам. Выкарыстоўваецца для вытв-сці азотнай кіслаты, мачавіны, азотазмяшчальных соляў, соды, угнаенняў, а таксама ў медыцыне. Вадкі аміяк і яго растворы — холадарэагенты. Ядавіты, выклікае слёзацячэнне, удушша, болі ў страўніку. ГДК 20 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́ДЫ,
хімічныя злучэнні, вытворныя азоціставадароднай кіслаты HN3. Неарганічныя азіды — X(N3)n, дзе Х — метал, n — ступень яго акіслення, пры трэнні, награванні раскладаюцца з выбухам (акрамя азідаў шчолачных і шчолачна-зямельных металаў). Атрымліваюць узаемадзеяннем соляў металаў з NaN3. Арганічныя азіды — алкіл- і арылазіды RN3 і ацылазіды RC(O)N3 узрываюцца пры награванні, лёгка адшчэпліваюць азот, пры гэтым ацылазіды перагрупоўваюцца ў ізацыянаты. Атрымліваюць узаемадзеяннем NaN3 з галагенвытворнымі аліфатычных і араматычных злучэнняў. Неарган. азіды цяжкіх металаў выкарыстоўваюцца як ініцыіруючыя выбуховыя рэчывы, арган. азіды — паўпрадукты арган. сінтэзу, гербіцыды (азіпратрын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),
абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСАМАТЫ́ЧНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
паклады карысных выкапняў, якія ўзніклі пры метасаматызме. Утвараюцца пад уздзеяннем цыркулюючых на глыбіні гарачых мінер. водных раствораў, якія выносяць з месца ўтварэння М.р. радавыя элементы горных парод (шчолачы, шчолачна-зямельныя элементы, крэмній) і прыносяць каштоўныя элементы, у т. л. металы. Залягаюць у выглядзе пакладаў складанай формы, часта занальныя. Найб. спрыяльнымі для ўтварэння М.р. з’яўляюцца лёгкарастваральныя карбанатныя пароды (вапнякі, даламіты). Паводле т-ры ўтварэння падзяляюцца на высокатэмпературныя (скарнавыя і грэйзенавыя радовішчы чорных і каляровых металаў), сярэднетэмпературныя (гідратэрмальныя радовішчы медзі, свінцу і цынку) і нізкатэмпературныя (інфільтрацыйныя радовішчы урану і медзі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,
сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл.Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).
Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл.Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).