«АБ’ЯДНА́НАЕ АНТЫСАВЕ́ЦКАЕ ПАДПО́ЛЛЕ»
(«ААП»),
назва неіснаваўшых «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый», выкарыстаная ў 1937—38 у перыяд масавых паліт. рэпрэсій супрацоўнікамі НКУС БССР для фабрыкацыі шэрагу паліт. працэсаў на Беларусі. Гал. матыў абвінавачвання — «барацьба супраць Камуністычнай партыі і савецкага ўрада». Паводле абвінаваўчых актаў, «ААП» складалася з 6 самаст. арг-цый: «правых», «бундаўска-сіянісцкай», «нацыянал-фашысцкай», «трацкісцка-тэрарыстычнай», «шпіёнска-паўстанцкай», «эсэраўскай». У кіраўнікі «ААП» былі залічаны М.М.Галадзед, М.Ф.Гікала, В.Ф.Шаранговіч, А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), А.А.Чарнушэвіч, П.Бадунова і інш. У 1937—38 арыштавана і засаджана больш за 2570 чал., абвінавачаных у прыналежнасці да «ААП». «Кіраўнікі» і «актыўныя члены» гэтых арг-цый былі прыгавораны да расстрэлу, астатнія — да розных тэрмінаў папраўча-працоўных лагераў. Іх рэабілітацыя адбывалася на працягу 1955—89.
Т.С.Процька.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́РЫС ((Canaris) Вільгельм) (1.1. 1887, г. Дортмунд, Германія — 9.4.1945),
германскі ваен. дзеяч. Адмірал (1940). З 1905 у герм. ВМФ. Удзельнік 1-й сусв. вайны, з 1916 займаўся развед. дзейнасцю ў Іспаніі, арганізоўваў забеспячэнне герм. падводных лодак з тэр. Іспаніі і Партугаліі. У 1919—20 ад’ютант ваен. міністра Г.Носке. Спачуваў нацыстам, удзельнік Капаўскага путчу 1920. У 1924—28 курыраваў пытанні падводнага флоту. З 1935 нач. упраўлення разведкі і контрразведкі (абвера) пры ваен. мін-ве, а з 1938 пры вярх. камандаванні ўзбр. сіл. Ведамства К. сапернічала са службай бяспекі (СД) СС на чале з Р.Гайдрыхам. потым Э.Кальтэнбрунерам. Арганізатар міжнар. ваен. правакацый і дыверсій пры захопе Аўстрыі (1938), Чэхаславакіі (1939), нападзе на Польшчу (1939) і інш.; ствараў шпіёнска-дыверсійныя сеткі ў краінах Еўропы, Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Засумняваўшыся ў перамозе фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне, у снеж. 1940 перасцерагаў ісп. дыктатара Ф.Франка ад уступлення Іспаніі ў вайну на баку Германіі. З лют. 1944 у адстаўцы. За ўдзел у змове генералаў супраць А.Гітлера (20.7.1944) арыштаваны і пакараны смерцю.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 7, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР»
(«БНЦ»),
сфабрыкаваная ў 1933 АДПУ БССР справа «контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі». Паводле версіі АДПУ (агентурная справа «Закардоннікі»), «БНЦ» створана ў вер. 1932 дзеячамі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой, М.П.Бурсевічам, І.С.Дварчаніным, Ф.І.Валынцом, П.П.Валошыным, Я.Е.Гаўрылікам і інш., якія ў вер.—кастр. 1932 перабраліся ў БССР. «БНЦ» быццам бы меў на мэце звяржэнне ў БССР сав. улады ўзбр. паўстаннем пры ваен. падтрымцы Польшчы і стварэнне Бел. бурж.-дэмакр. рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы. Асн. кірункі дзейнасці: падрыхтоўка паўстання, шпіянаж на карысць Польшчы, арганізацыя дыверсійна-тэрарыст. груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай работы ў розных галінах сацыяліст. будаўніцтва. План паўстання — правядзенне буйной правакацыі ў пагранічных раёнах, якая павінна была выклікаць канфлікт паміж СССР і Польшчай, стаць пачаткам ваен. дзеянняў і паўстання ў БССР. У жн.—ліст. 1933 органы АДПУ «выявілі» ячэйкі «БНЦ» у Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел. с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваен. акрузе і інш.: у 9 гарадах і 25 раёнах БССР. Следства «раскрыла» 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыст. групы, 20 шпіёнскіх ячэек і рэзідэнтур, філіялы ў Горках, Беразіно, Гомелі, маладзёжную арг-цыю. Усяго па справе «БНЦ» рэпрэсіраваны 161 чал. Частка з іх расстраляна, астатнія адпраўлены ў Салавецкія лагеры (Архангельская вобл.), Комі АССР. У жн.—вер. 1956 вызначэннем ваен. трыбунала БВА справа «БНЦ» «у крымінальным парадку спынена за адсутнасцю саставу злачынства» і адменены рашэнні асобых нарад пры Мін-ве дзярж. бяспекі СССР і пастановай пазасудовых органаў.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)