«ПІНСКДРЭ́Ў»,

закрытае акцыянернае т-ва ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Створана ў 2000 на базе Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў» (з 1971), вытв-сці якога набылі самастойнасць і разам з іншымі дрэваапр. прадпрыемствамі ўвайшлі ў «П.» як філіялы. У «П.» уваходзяць гал. прадпрыемствы: Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанерны завод, ф-кі — мяккай мэблі, экспартнай мэблі, сталоў, крэслаў; з-ды — драўнінна-стружкавых пліт, струганага шпону і мэблі, лесазавод, леспрамгас (усе ў Пінску), Гарадзішчанская ф-ка корпуснай мэблі, унітарнае даччынае прадпрыемства «Еўрамэбля» (г. Брэст), магазін «Мэбля» (Мінск) і інш. Асн. прадукцыя (2001): мэбля, фанера, запалкі, струганы шпон, драўнінна-стружкавыя пліты, вырабы нар. спажывання.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),

машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.

Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Прынцыповыя схемы прэсаў: а — гідраўлічны вертыкальны; б — механічны (крывашыпны); 1 — рабочы цыліндр; 2 — плунжэр; 3 — паўзун; 4 — інструмент; 5 — станіна; 6 — крывашыпны вал; 7 — шатун.

т. 13, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ КАМБІНА́Т,

«Фандак». Засн. ў г. Бабруйск у 1926, у 1929 пушчаны лесапільны цэх і электрастанцыя, у 1930 — беладрэўны і фанерны цэхі, у 1931 — цэх стандартных дамоў. Быў адзін з буйнейшых у Еўропе. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950—80-я г. пабудаваны цэхі: па вырабе тары, упаковачнай стружкі, п’езатэрмапластыкаў, драўнінна-валакністых плітаў №1 і №2, паркетнай дошкі. Створаны: ф-ка кухоннай мэблі (1991), ф-ка экспартнай мэблі (1992), з-д сталярных і мэблевых плітаў (1995). У 1971—91 у ВА «Бабруйскдрэў» (з 1976 галаўное прадпрыемства). У 1991—94 нар. аб’яднанне «Бабруйскдрэў», з 1994 адкрытае акц. т-ва «Фандак». Асн. прадукцыя (1995): фанера, шпон, піламатэрыялы, паркет штучны, сталярная і мэблевая пліта, наборы мэблі для кухні, гасцінай, мяккая, дзіцячая, спец. і інш. мэбля.

У.​Д.​Таранаў.

Выраб фанеры на Бабруйскім фанерна-дрэваапрацоўчым камбінаце.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛАНЕ́ТА»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 на праспекце Машэрава (арх. Г.​Бенядзіктаў, У.​Начараў, Т.​Раманоўская). Дынамічная асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 12-павярховага жылога корпуса на 601 месца і 2-павярховага аб’ёму рэстарана. Архітэктура жылога корпуса заснавана на рытме гарыз. міжпаверхавых керамзітабетонных панэлей і верт. навясных рэбраў. Сцены звонку аздоблены верт. цягамі з алюмінію. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны ракушачны туф, чорны лабрадарыт, шэры мармур, шпон, ціснёная скура. Прамавугольны ў плане аб’ём рэстарана выступае перад гал. фасадам гасцініцы і скампанаваны вакол унутр. двара. На гал. фасадзе асіметрычна размешчана дэкар. пано. Кесонная столь абедзеннай залы аздоблена сюжэтнай арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, сцены аформлены серыяй дэкар. керамічных пано (маст. М.​Байрачны, С.​Каткова, В.​Прыешкін і інш.). Дэкар. акцэнт інтэр’ера — люстра з нёманскага шкла. Пры ўваходзе ў рэстаран керамічнае пано «Садоўніца» (маст. Я.​Кузняцоў).

А.​М.​Кулагін.

Гасцініца «Планета».

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)