Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЦКІЯ ШПАЛЕ́РЫ,
вырабы ткацкай мануфактуры Радзівілаў у г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл. ў 2-й пал. 17—1-й пал. 19 ст. Ткалі шпалеры пераважна жонкі прыдворных па кардонах прыдворных мастакоў К.Д. і Ю.К.Гескіх, Скажыцкага, Андрэя і Канстанціна (прозвішчы не вядомы). Сюжэты і кампазіцыі пераносілі з карцін А. ван Вестэрфельда, Дэль Бенэ, дэ Воза і інш. Мануфактура дасягнула росквіту ў сярэдзіне 18 ст.Найб. вядома серыя высокамаст. шпалер, выкананых паводле загаду (1752) М.К.Радзівіла Рыбанькі для ўслаўлення свайго роду: «Мікалай Радзівіл Чорны ў 1560 годзе прымае ад імя караля Жыгімонта Аўгуста пашану ад цэсарскіх паслоў», «Прысяга на вернасць каралю Жыгімонту Аўгусту і яго шлюб з Барбарай Радзівіл», «Наданне тытула князя Свяшчэннай Рымскай імперыі Мікалаю Радзівілу Чорнаму імператарам Карлам V у 1547 годзе», «Каранацыя Барбары Радзівіл», «Пацвярджэнне княжацкага тытула Радзівілаў на сейме ў Петрыкаве», «Бітва князя Януша Радзівіла пад Кіевам», «Баталія з Турцыяй пад Хоцімам Міхаіла Казіміра, польнага гетмана», «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам», «Агляд войск пад Заблудавам», «Узяцце ў палон Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе». Былі вытканы партрэты Радзівілаў: Януша, Крыштофа і інш. К.ш. вызначаліся мяккімі колеравымі спалучэннямі і высокай тэхнікай выканання, даволі вял. памерамі (349 × 329 см і падобныя). На некат. выяўлены меткі — прозвішчы ткачых Настассі Маркевіч і Марыі Кулакоўскай. Упрыгожвалі парадныя залы Нясвіжскага палаца.
Літ.:
Трызна Дз.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Дз.С.Трызна.
Да арт.Карэліцкія шпалеры. Фрагмент шпалеры «Уціхамірванне бунтаў пад Славечнам». 2-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ШПАЛЕ́РНАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1910 у Мінску. У Вял.Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1965 рэканструявана і расшырана. З 1968 у складзе вытв. аб’яднання «Белпаперапрам», з 1989 яго галаўное прадпрыемства. З 1994 адкрытае акц.т-ва «Беларускія шпалеры». Асн. прадукцыя (1999): шпалеры (ціснёныя, столевыя, воданепранікальныя, дэкаратыўныя, глыбокага спосабу друку, дуплексныя, пенашпалеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫў будаўніцтве,
матэрыялы для аддзелачных работ. Падзяляюцца на аддзелачныя матэрыялы вонкавай і ўнутранай аддзелкі, на канструкцыйна-аддзелачныя і эксплуатацыйна-аддзелачныя. Да аддзелачных матэрыялаў належаць лакафарбавыя матэрыялы, абліцовачныя матэрыялы, аддзелачныя растворы і бетоны, прыродныя і штучныя каменныя матэрыялы, аддзелачная кераміка, матэрыялы і вырабы са шкла (гл.Шклаблокі, Шклопрафіліт, Шкляная плітка), з драўніны (паркет), паперы (шпалеры), пластычных мас (сінт. плёнкі, лінолеум, рэлін), дывановыя пакрыцці для падлогі і інш.
Засн. ў 1936 як з-д «Ізапліт», выпускаў драўнянавалакністыя пліты. З 1937 у складзе Навабеліцкага каніфольна-мыльнага з-да, выпускаў дадаткова каніфольнае мыла, шкіпінар. У 1941 эвакуіраваны на ўсход. У 1946 адноўлены у Гомелі. З 1953 Навабеліцкі лесахімкамбінат, з 1972 Гомельскі папярова-лесахім. камбінат, з 1976 Гомельскі палярова-лесахім. з-д. З 1993 адкрытае акц.т-ва «Гомельшпалеры». Асн. прадукцыя: шпалеры ўсіх відаў; тэкстурная і святлоадчувальная папера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ»,
гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 (арх. Л.Пагарэлаў, Ю.Івахнішын, Т.Лабінская). Складаецца з 8-павярховага прамавугольнага ў плане жылога корпуса і прылеглага да яго дваровага фасада 1—2-павярховага аб’ёму складанай канфігурацыі. Разлічана на 160 месцаў. Кампазіцыя гал. фасада асн. аб’ёму грунтуецца на верт. рытме трохвугольных эркераў. Гал. ўваход акцэнтаваны пано (мастакі А.Кішчанка, Т.Кіршчына). 1-ы паверх вырашаны ў выглядзе пастамента. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны граніт, мармур, каштоўныя пароды дрэў, пластмасы, алюміній, шпалеры і інш. аддзелачныя матэрыялы. Складаная канфігурацыя аб’ёму ўтварае адкрыты ўнутр. дворык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.
Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.К.Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл.Карэліцкія шпалеры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.