Шоламаў Е. І. 4/282

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРО́ ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦК КПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦК КПЗБ былі А.​А.​Альшэўскі, М.​С.​Арэхва, М.​А.​Блінчыкаў, Ю.​Брун, С.​І.​Будзінскі, Р.​Д.​Вольф, А.​У.​Канчэўскі, П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч), С.​А.​Мертэнс, С.​Т.​Мілер, А.​М.​Розеншайн, А.​С.​Славінскі, Е.​І.​Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 3, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б Існавала з сак. 1925 замест Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі ў сувязі з утварэннем у КПЗБ сэцэсіі і неабходнасцю яе ліквідацыі. У розны час Прадстаўніцтва ўзначальвалі А.​С.​Славінскі

(Качароўскі),

С.​Т.​Мілер, М.​А.​Блінчыкаў, А.​У.​Канчэўскі, Г.​М.​Дуа, Ю.​Брун, Р.​Д.​Вольф, С.​А.​Мергэнс, Е.​І.​Шоламаў, І.​Ф.​Сяменікаў. Працавала пад кіраўніцтвам Прадстаўніцтва КПП пры Выканкоме Камінтэрна ў Маскве і фактычна лічылася яго філіялам у Мінску. Рэгулярна інфармавала кіруючыя органы КП(б)Б пра дзейнасць і мерапрыемствы ЦК КПЗБ, стан рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, вяло перапіску па паліт. і арганізац. пытаннях з Бюро і Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, якія знаходзіліся ў падполлі, дапамагала ім рыхтаваць кадры для падп. парт. работы, выдаваць парт. л-ру, займалася справамі паліт. эмігрантаў і асоб, што прыбылі нелегальна з Зах. Беларусі, рыхтавала з’езды КПЗБ і КСМЗБ, кіравала Мінскай школай КПЗБ, часткай Цэнтр. рэдакцыі КПЗБ, якая выдавала л-ру для Зах. Беларусі, Камісіяй па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР і Зах. сектарам Гістпарта. Функцыянавала да лета 1937.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 8—18.5.1935 у в. Сляпянка каля Мінска (цяпер у межах горада). У рабоце з’езда ўдзельнічалі 57 чал., у т. л. 21 дэлегат з рашаючым і 13 з дарадчым голасам ад 3327 членаў партыі Беластоцкай, Віленскай, Глыбоцкай, Гродзенскай, Навагрудскай і Слонімскай акруг КПЗБ. Парадак дня: паліт. сітуацыя ў Польшчы, адзіны рабочы і антыфаш. нар. фронт (Ю.​Ленскі); паліт. справаздача ЦК КПЗБ і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; задачы партыі ў нац.-вызв. руху (М.​С.​Арэхва); справаздачы мандатнай, арганізац., прафс., вясковай і маладзёжнай камісій; выбары ЦК. Была разгледжана таксама дзейнасць КСМЗБ. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, вызначыў задачы партыі па развіцці рэв. і нац.-вызв. руху ва ўмовах наступу сіл фашызму і нарастання ваен. небяспекі. Гал. недахопам партыі ў практычнай дзейнасці, на думку дэлегатаў, былі сектанцкія погляды і метады работы. У сял. пытанні была дадзена ўстаноўка на арганізацыю барацьбы сял. мас за частковыя патрабаванні: змяншэнне падаткаў, шарварак, арэнднай платы, адмена камасацыі і інш. Асн. задачай партыі ў нац.-вызв. руху з’езд вызначыў стварэнне антыакупац. нар. фронту. Прыняў рэзалюцыю «На барацьбу з пагрозай вайны, у абарону СССР». З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. Лагіновіч, С.​А.​Мертэнс, М.​А.​Блінчыкаў, Арэхва, Е.​І.​Шоламаў, М.​П.​Маслоўскі (усе 6 былі абраны таксама на VII кангрэс Камінтэрна), Ю.​Брун, Л.​М.​Янкоўская, І.​Ф.​Сяменнікаў, Х.​Р.​Гелер, А.​Раф; канд. ў чл. С.​М.​Малько, М.​М.​Дворнікаў, Ф.​Б.​Пірышка, Э.​К.​Аболіна, М.​С.​Майскі.

Літ.:

В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)