Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНА́,
земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Выкарыстоўваецца з часоў пашырэння ляднага земляробства. На Беларусі вядомы тыпы бараны: вершаліна (найб. архаічны тып), смык, плеценая (вязаная) і брусковая (рамная). Найб. пашыранай была плеценая барана. Мела дугападобную форму, крацісты каркас утваралі 4—6 радоў прутоў, на скрыжаванні якіх замацоўвалі дубовыя (ад 16 да 35) зубы. Аснову брусковай бараны складала драўляная рашотка з драўлянымі, а з канца 19 ст.жал. зубамі. З пач. 20 ст. пашыраны жалезныя бароны, традыцыйныя захоўваліся эпізадычна.
Сучасныя бароны бываюць зубавыя і дыскавыя, агульнага і спец. выкарыстання, прычапныя, навясныя і паўнавясныя. Агрэгатуюцца з трактарамі на счэпках, могуць працаваць разам з плугамі, сеялкамі, культыватарамі. Бароны агульнага прызначэння складаюцца з асобных звёнаў, якія злучаюцца ў агрэгаты з рознай шырынёй захопу.
Зубавыя бароны выкарыстоўваюць для выраўноўвання і рыхлення паверхні раллі, баранавання пасеваў. Падзяляюцца на цяжкія, сярэднія і лёгкія, ці пасяўныя. Пашыраны зубавыя бароны тыпу «зігзаг», шлейф-бароны, сеткавыя, спружынныя, драцяныя, нажавыя, лугавыя шарнірныя, пашавыя і інш. Дыскавыя бароны выкарыстоўваюць пераважна для рыхлення здзірванелых пластоў і разбурэння камякоў глебы (пры апрацоўцы зябліва, лугоў і пашы, лушчэнні ржышча). Рабочыя органы гэтых баронаў — сферычныя гладкія ці выразныя дыскі. Бываюць і з ігольчастымі дыскамі (для паверхневага рыхлення глебы пад іржышчам і выраўноўвання паверхні мікрарэльефу). Спец. балотныя і садовыя дыскавыя бароны выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях садоў і ягаднікаў. Нажавая вярчальная барана аб’ядноўвае прынцыпы работы зубавай і дыскавай баронаў. Шырыня захопу зубавых баронаў ад 1 да 21 м, глыбіня апрацоўкі 2—10 см; дыскавых адпаведна ад 2 да 14 м, 10—20 см.
Літ.:
Карпенко А.Н., Халанский В.М. Сельскохозяйственные машины. 6 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВА́ЛЬНЬІЯ МАШЫ́НЫ І ЎСТАНО́ЎКІ.
Прызначаны для палівання дажджаваннемс.-г. культур. Рабочыя органы — кароткаструменныя (5—8 м) насадкі (ствараюць веерападобны паток вады), сярэднеструменныя (10—35 м) і далёкаструменныя (40—80 м і болей) дажджавальныя апараты (ДА; забяспечваюць дажджаванне па крузе або сектары; бываюць каромыславыя, рэактыўныя, турбінныя, імпульснага і бесперапыннага дзеяння і інш.).
Дажджавальныя машыны маюць аўтаномны рухавік або прывод, трансмісію і хадавую частку. Бываюць шматапорныя (7 і болей апор з рознымі хадавымі часткамі) тыпу «Фрэгат», «Днепр» і шыроказахопныя (шыр. захопу 300—800 м) тыпу «Валжанка» (сярэднеструменныя); двухкансольныя тыпу ДДА-100 МА (фермы, зманціраваныя на трактары; маюць помпавую ўстаноўку з прыводам ад вала трактара; кароткаструменныя); навясныя на трактар тыпу ДДН-100 (маюць помпу-рэдуктар, зманціраваны на раме; далёкаструменныя). Адрозніваюць дажджавальныя машыны, якія робяць паліў адначасова з рухам і пазіцыйна (пры нерухомай машыне). Дажджавальныя ўстаноўкі бываюць разборныя пераносныя (манціруюцца з асобных звёнаў, перад зменай пазіцыі яны разбіраюцца і пераносяцца на новае месца) і неразборныя (перамяшчаюцца цалкам на прычэпе трактара). Аснашчаюцца сярэдне- або далёкаструменнымі ДА, працуюць пазіцыйна. Найб. пашыраны камплекты ірыгацыйнага абсталявання «Вясёлка», дажджавальныя шлейфы ДШ-25/300 і інш.Стацыянарныя дажджавальныя сістэмы — укладзеныя пад ворны слой напорныя трубаправоды з гідрантамі, што выходзяць на паверхню. Да іх падключаюцца далёка- або сярэднеструменныя ДА. Вада ў трубаправодную сетку падаецца помпавай станцыяй. Паўстацыянарныя дажджавальныя сістэмынайб. пашыраныя, у іх магістральны і размеркавальны трубаправоды стацыянарныя, а дажджавальныя машыны перамяшчаюцца па арашальнай плошчы.
Літ.:
Сапунков А.П. Применение дождевальной техники М., 1991.
А.Я.Вакар.
Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі: 1 — сярэднеструменная машына «Фрэгат»; 2 — далёкаструменная машына ДДН-100; каротка струменная ўстаноўка — дажджавальны шлейф ДШ-25/300.Да арт.Дажджавальныя машыны і ўстаноўкі. Дажджавальныя апараты: а — кароткаструменная дэфлектарная насадка (1 — варонка, 2 — дэфлектар); б, в — сярэднеструменныя, г — далёкаструменны апараты (1 — дапаможныя соплы, 2 — ствол, 3 — асноўнае сапло, 4 — турбінка).